Забойца за аборт прызнаў сваю віну
Нагадаем, 5 жніўня прыкладна ў 2.00 малады чалавек пранік у дом 37-гадовай жыхаркі вёскі Гавяды (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці). Ён нанёс жанчыне нажавыя раненні грудной клеткі, ад якіх яна памерла на месцы. Множныя раненні жывата, грудной клеткі, канечнасцей атрымала 17-гадовая дачка гаспадыні. Пазней дзяўчына памерла ў бальніцы. Злачынца таксама напаў на 39-гадовага бацьку, які выйшаў на шум з іншага пакою. Ён з раненнямі быў памешчаны ў Шклоўскую раённую бальніцу. 12-гадовы сын гаспадароў, які знаходзіўся ў доме ў момант учынення злачынства, не пацярпеў.
Вядома, што са студзеня па май гэтага года падазроны падтрымліваў сяброўскія адносіны з загінулай дзяўчынай.
13 жніўня маладому чалавеку прад`яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага п. 1 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства двух і больш асоб). Крымінальная справа распачата следчым аддзелам пракуратуры Магілёўскай вобласці па Шклоўскім раёне.
Як паведаміў суразмоўца агенцтва, са слоў маладога чалавека, забойства дзяўчыны ён учыніў з рэўнасці і з-за таго, што яна зрабіла аборт.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН