Каля аўтавакзала «Маскоўскі» ў Мінску злавілі голага мужчыну
Малады чалавек з глыбінкі ўладкаваўся на працу ў Мінску і пасля чарговага працоўнага тыдня вырашыў правесці выходныя дома. З’ехаць у пятніцу вечарам аказалася праблематычна — юнак спазніўся на апошні цягнік і вырашыў з’ехаць першым суботнім аўтобусам. З гэтай мэтай адправіўся на аўтавакзал «Маскоўскі».
Ноч на аўтавакзале цягнулася доўга і малады чалавек спачатку бавіў час за пляшкай піва, а потым вырашыў пазнаёміцца з дзяўчатамі, што сядзелі на суседняй лаўцы.
Дзяўчаты аказаліся зусім не сарамлівымі і знаёмства вельмі хутка перайшло ў сумеснае распіццё спіртных напояў. Маладзёны пілі піва, жартавалі, смяяліся і фліртавалі.Неўзабаве дайшло да таго, што адна з сябровак прапанавала маладому чалавеку больш цесныя зносіны. Парачка накіравалася ў бліжэйшыя кусты. Там, без хітрыкаў, дзяўчына прапанавала кавалеру распранацца і хлопец пачаў спешна скідаць з сябе адзенне.
Забава скончылася для яго сумным чынам. Раптам з’явілася іншая дзяўчына, ухапіла скінутую вопратку і збегла разам з першай. Пры гэтым жыхаркі сталіцы яшчэ і пакпілі з мужчынскай годнасці маладога чалавека.
Хлапец застаўся ў кустах зусім голы і яшчэ доўга не выходзіў са свайго расліннага сховішча, спадзеючыся, што дзяўчаты вернуцца.Нарэшце, прыкрыўшы інтымныя месцы галінамі, небарака вылез са сховішча. Людзі, пабачыўшы голага дзецюка, спачатку палохаліся, але затым дапамаглі выклікаць міліцыю.
Дзяўчат праваахоўнікі вылічылі хутка і неўзабаве затрымалі, расказала прэс-афіцэрка Першамайскага РУУС сталіцы Вольга Куцько. Пры першапачатковым апытанні яны тлумачылі свой учынак жаданнем пасмяяцца і былі вельмі непрыемна здзіўленыя, што іх жарт трактуецца Крымінальным кодэксам як рабаванне. Прычым артыкул за гэтае злачынства прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад двух да шасці гадоў
Алесь Пілецкі