Ахова не спіць

Источник материала:  
14.07.2010 11:39 — ЧП
Замалёўкі з крымінальнага жыцця сталіцы паводле Дэпартаменту аховы.

«Не кравец, а з нажніцамі»

Чарговы раз нам прадставілася магчымасць пераканацца, што дзякуючы пільнай службе і аператыўнаму рэагаванню нарадаў міліцыі, што дзяжураць на вуліцах горада, паспяхова рэалізуецца прынцып няўхільнасці пакарання за здзейсненыя злачынствы. Выключэннем не стаў і нядаўні выпадак на вуліцы Сухараўскай, дзе проста так, з хуліганскіх памкненняў, малады чалавек ішоў і драпаў нажніцамі машыны, прыпаркаваныя ў дварах. Бачачы, што ўсё гэта можа застацца беспакараным, адзін з жыхароў суседняга дома патэлефанаваў у міліцыю. Ужо праз 3 хвіліны дзяжурны нарад групы затрымання Фрунзенскага аддзела аховы ў складзе прапаршчыка міліцыі Гарсеса Леанэля і прапаршчыка міліцыі Кухарэнкі Віктара быў на месцы. Атрымаўшы прыкметы злачынцы, нарад міліцыі стаў адпрацоўваць прылеглую тэрыторыю. На прыпынку грамадскага транспарту быў заўважаны падобны па прыкметах малады чалавек, які, убачыўшы міліцэйскую машыну, паспрабаваў схавацца, заскочыўшы ў пад"ехалы тралейбус. Аднак ужо на наступным прыпынку хуліган быў затрыманы, пры асабістым даглядзе ў яго былі знойдзеныя нажніцы, а сведка пазнаў у ім злачынцу.

Па дадзеным факце Фрунзенскім РУУС распачатая крымінальная справа па ч.1 арт.339 (злоснае хуліганства) КК Рэспублікі Беларусь.

«Беражыце свой горад»

Чыстыя, дагледжаныя вуліцы заўсёды радуюць вока. Але некаторыя грамадзяне да гэтага часу не навучыліся шанаваць і падтрымліваць прыгажосць у родным горадзе: то клумбы абарвуць, то на сценах што-небудзь напішуць.

Менавіта такі малады чалавек, мабыць, не знайшоўшы годнага прымянення сваёй сіле, спрабуючы перад сябрамі паказаць сваю зухаватасць, разбіў ударам кулака шкло прыпынку грамадскага транспарту. Аднак дзякуючы дзяжурнаму нараду групы затрымання Фрунзенскага аддзела аховы ў складзе прапаршчыка міліцыі Турскага Эдуарда і сяржанта міліцыі Бабаева Максіма малады чалавек быў затрыманы. Характэрна, што ён быў вельмі здзіўлены, наколькі хутка прыбыў нарад міліцыі. Мяркуючы па ўсім, спадзяваўся, што яго ўчынак не будзе пакараны.

Цяпер яму пагражае салідны штраф і лячэнне пашкоджанай рукі.

Па дадзеным факце Фрунзенскім РУУС распачатая крымінальная справа па ч.1 арт.339 (злоснае хуліганства) КК Рэспублікі Беларусь.

«Баяліся заблукаць»

Ні для кога не сакрэт, што эфектыўнасць раскрыцця вулічных злачынстваў шмат у чым вызначаецца працай па гарачых слядах. Вырашальную ролю ў гэтым адыгрываюць аператыўныя і прафесійныя дзеянні нараду міліцыі, які прыбывае на месца злачынства. 6 ліпеня 2010 нарад міліцыі Фрунзенскага аддзела аховы ў складзе старшыны міліцыі Карповіча Юрыя і старшага сяржанта міліцыі Аляксандрава Мікалая нёс службу па вуліцах Мінска. Ужо да канца змены паступіў сігнал, што на канцавым прыпынку аўтобуса станцыі Ждановічы здзейснены крадзеж з прыпаркаванага аўтамабіля. Па прыбыцці да месца здарэння да міліцыянтаў звярнуўся сведка, які расказаў, што двое мужчын спачатку круціліся каля прыпаркаваных машын, а затым, разбіўшы бакавое шкло адной з іх, здзейснілі крадзеж, паклаўшы выкрадзенае ў чорны пакет. Атрымаўшы прыкметы злачынцаў, супрацоўнікі міліцыі пачалі адпрацоўваць прылеглую тэрыторыю. Дзякуючы прынятым мерам былі выяўленыя і затрыманыя падобныя па прыкметах двое маладых людзей, у якіх пры асабістым даглядзе і знайшлі выкрадзены з аўтамабіля GPS-навігатар.

Як высветлілася пазней, затрыманыя былі неаднаразова судзімыя, а значыць, здзяйсняць такія злачынствы ім не ўпершыню. І калі б не прафесійныя дзеянні нараду міліцыі, наўрад ці гэта злачынства было б апошнім на іх рахунку.

Па дадзеным факце Фрунзенскім РУУС распачатая крымінальная справа па ч.2 ст.205 (крадзеж) КК Рэспублікі Беларусь.

«Вось табе і будаўнічы бум»

Патрулюючы вуліцы горада, нарад аддзела аховы атрымаў указанне ад дзяжурнага тэрмінова выбыць на вул. Гарэцкага, 05/02 – адбываецца крадзеж будматэрыялаў. Па прыбыцці групы затрымання ў складзе прапаршчыка міліцыі Сарокі Фёдара і старшага сяржанта міліцыі Саевіча Юрыя ўдалося ўстанавіць, што на тэрыторыі будаванага аб"екта сапраўды адбываецца крадзеж. Што характэрна, краў арматуру з будаванага аб"екта арматуршчык той жа будаўнічай арганізацыі, што ўзводзіла будынак. Цяпер ужо былы рабочы (дарэчы, раней судзімы за крадзеж) разам з пакуль яшчэ невядомым грамадзянінам спрабаваў загрузіць асабісты аўтамабіль арматурай з будоўлі амаль на мільён рублёў.

Па дадзеным факце Фрунзенскім РУУС распачатая крымінальная справа па ч.1 ст.205 (крадзеж) КК Рэспублікі Беларусь.

Падзяліцца навіной: 
Капітан міліцыі Сяргей Шатрун

←В Гомельской области гроза обесточила 70 деревень

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика