У Заслаўі пацыент угнаў «хуткую дапамогу»
У міліцыю ў Заслаўі паступіў нечаканы званок: хтосьці паквапіўся не на простую машыну, а на «хуткую дапамогу». Аказалася, што ўгоншчыкам стаў пацыент, якому лекары толькі што аказалі першую дапамогу.
Скрываўленага чалавека на прыпынку ўбачылі мінакі і адразу патэлефанавалі лекарам. Медыкі знайшлі там ладна захмялелага грамадзяніна з сінякамі. Растлумачыць, што здарылася, ён не змог. Доктар апрацаваў рану, наклаў павязку і папрасіў пачакаць, пакуль ён і кіроўца адыдуць да шапіка.
Некалькіх хвілінаў пацыенту цалкам хапіла: літаральна праз імгненне разгублены медперсанал назіраў, як іх машына знікае ўдалечыні.
— Паведамленне пра ўгон паступіла ў 18.37, — удакладняе дэталі крымінальнага здарэння начальнік Заслаўскага аддзела дэпартамента аховы Андрэй Собалеў. — А ўжо ў 18.45 па рацыі адазваўся наш супрацоўнік, які ахоўваў адно з прадпрыемстваў горада. Ён убачыў, як перад прахадной спыніўся аўтамабіль хуткай дапамогі, з якога выйшаў чалавек з перебінтаванай галавой.
А праз лічаныя хвіліны зламысніка затрымаў дзяжурны нарад.
Дарэчы, аказалася, што на скрадзенай «хуткай» пацыент збіраўся ехаць… у шпіталь. «Лекары павольна аказвалі дапамогу, не спяшаліся мяне даставіць у шпіталь», — расказаў ён.
Хартыя'97