Турак арганізоўваў сэкс-туры ў Беларусь
Мужчыну затрымалі ў снежні 2009 года супрацоўнікі падраздзяленняў па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Цэнтральнага РУУС, ГУУС Мінгарвыканкама і МУС Беларусі. Турак быў звязаны з адной з турыстычных фірмаў. Карыстаючыся сувязямі ў гэтым бізнесе, ён арганізоўваў для турыстаў пікантную праграму, у якую ўваходзіла аказанне інтымных паслуг прастытуткамі.
На здымных кватэрах, а таксама ў нумарах дарагіх гатэляў ладзіліся сустрэчы з мінскімі путанамі. Цана для кліентаў складала, як правіла, каля $150 у гадзіну. Турэцкі грамадзянін атрымліваў $ 50—80 "камісійных". Большая частка яго кліентаў — госці з Турцыі.
У выніку суд прызнаў грамадзяніна гэтай краіны вінаватым у здзяйсненні злачынства, якое прадугледжана арт.171 КК Беларусі, які датычыць прастытуцыі, і прысудзіў да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Гэта не першы падобны судовы працэс за апошні час. Іншага турэцкага грамадзяніна затрымалі ў беларускай сталіцы ў траўні 2009 года. Савецкім РУУС Мінска ў дачыненні да яго таксама была распачатая крымінальная справа па арт. 171. Ён дзейнічаў практычна па той жа схеме: працуючы ў турфірме, арганізоўваў сэкс-туры. Расцэнкі і "камісійныя" былі аналагічнымі. Суд тады таксама даў вінаватаму 7 гадоў турмы.
БЕЛТА