У Мінску ДАІ страляла ў парушальніка
Аўтамабіль «Лянча» супрацоўнікі ДАІ заўважылі, калі ён праехаў на чырвонае святло на скрыжаванні Ракасоўскага і Ванеева. Парушальнік спыніўся на наступным светлафоры, бо перад ім стаяў шэраг машын. Але пасля таго, як аўто падыйшоў інспектар ДАІ, кіроўца заехаў на тратуар і паехаў далей. Машына ДАІ пачала пераслед. Уцякаючы ад пагоні, парушальнік ледзь не збіў інспектара, які выйшаў на праезную частку, спрабуючы спыніць яго.
Падчас уцёкаў кіроўца «Лянчы» пратараніў два аўтамабілі, а на адным са светлафораў выехаў на тратуар і збіў жанчыну, распавёў Ластоўскі.
«Супрацоўнік ДАІ прыняў рашэнне выкарыстаць табельную зброю каб спыніць транспартны сродак, бо інакш спыніць яго было не магчыма».
Інспектар зрабіў 8 стрэлаў і прабіў заднія колы, але машына не спынілася і збочыла на вуліцу Малініна. Ужо там інспектар на службовым аўто падрэзаў «Лянчу» і прыціснуў да ўзбочыны дарогі.
Кіраваў аўтамабілем раней асуджаны за рабаўніцтва 39‑гадовы мужчына. Як паказаў аналіз крыві, ён быў п’яны (2,23 праміле).Парушальніка яшчэ ў 2008 годзе пазбавілі правоў за кіраванне ў п’яным выглядзе. Каб пакатацца гэтым разам, аўтамабіль ён угнаў.
Еўрарадыё