У Мінску затрымалі падазраванага ў вырабе і збыце падробленых беларускіх грошай
Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС, пры надглядзе ў затрыманага было знойдзена 11 падробленых купюр наміналам 50.000 рублёў і 30 — наміналам 20.000 рублёў. Падчас вобыску ў яго дома былі знойдзены дзве фальшывыя купюры наміналам 10.000 рублёў, дзве 20‑доларавыя падробленыя купюры, больш за 300 кампакт‑дыскаў парнаграфічнага зместу. Канфіскаваны сістэмны блок камп’ютэра, два прынтэры, сканер.
Затрыманне праходзіла непасрэдна ў момант збыту падробак.У аператыўнікаў ёсць усе падставы меркаваць, што гэта была не першая партыя фальшывак. У прыватнасці ўстаноўлена, што двума тыднямі раней ён вырабіў на сваёй аргтэхніцы і збыў 14 купюр наміналам 50.000 рублёў, 32 — наміналам 20.000 рублёў і дзве купюры наміналам 10.000 рублёў.
У міліцыі лічаць, што мінчанін спрабаваў пашырыць сваю незаконную паліграфічную дзейнасць, пра што гавораць канфіскаваныя падробленыя долары. Акрамя таго, ёсць падставы меркаваць, што ён вырабляў падробленыя дакументы і займаўся распаўсюджваннем дыскаў з парнавідэа.
Зарабляў на жыццё затрыманы менавіта аказаннем паліграфічных паслуг: дома на ўласнай аргтэхніцы друкаваў візітныя карткі. У поле зроку міліцыі паводле падазрэння ў вырабе фальшывак малады чалавек трапіў яшчэ ў пачатку года.
У дачыненні да падазронага следчым аддзелам папярэдняга расследавання Маскоўскага РУУС распачата справа на падставе ч. 1 арт. 221 Крымінальнага кодэкса (выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай).
БелаПАН