У Дзяржынскім раёне затрымана група
Як паведаміла оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Вераніка Пасмецьева, у касе крамы райспажыўтаварыства ў вёсцы Мігдаловічы пры пераліку грашовай выручкі былі выяўлены чатыры падробленыя купюры наміналам 20 тыс. рублёў. Яшчэ тры такія ж купюры былі знойдзены ў выручцы іншага магазіна.
Падчас правядзення аператыўна‑вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Дзяржынскага РАУС ўстанавілі, што фальшыўкі збылі два мясцовыя жыхары, адзін з якіх нідзе не працуе, а другі, рабочы дзіцячага садка, раней быў судзімы за крадзеж.
У ходзе вобыску дома ў аднаго з падазроных было знойдзена і канфіскавана 175 падробленых 20‑тысячных купюр і пяць аркушаў фармату А4 з выявай купюры ў 10 тыс. рублёў — па чатыры падробкі на кожным аркушы.
Падазроныя растлумачылі, што фальшыўкі яны знайшлі на палігоне цвёрдых бытавых адходаў у суседняй вёсцы. Аднак замест таго каб звярнуцца ў міліцыю, яны збылі частку падробак у мясцовых магазінах пры разліку за прадукты харчавання.
Згодна з даведкай эксперта, канфіскаваныя банкноты падробленыя, надрукаваны на звычайнай паперы, ахоўная паласа і вадзяны знак адсутнічаюць.
Аператыўнікамі дадаткова ўстаноўлена яшчэ восем фактаў збыту аналагічных купюр на аб’ектах рознічнага гандлю ў Дзяржынску.
У дачыненні да падазроных за выраб і збыт фальшывых грашовых купюр распачата крымінальная справа (арт. 221 КК). Праводзіцца расследаванне.
За чатыры месяцы 2010 года ў Беларусі зарэгістраваны 524 факты фальшываманецтва. Затрыманы тры групы фальшываманетчыкаў.
БелаПАН