Увага — дзеці!
Няшчасце адбылося ў вёсцы Такарэўшчына Маладзечанскага раёна. Каля чатырох гадзін дня 52-гадовы жыхар Маладзечна на "Нісане" наехаў на вучня 7-га класа, які рухаўся па праезнай частцы дарогі на веласіпедзе. У выніку наезду хлопчык загінуў. Дзяржаўтаінспекцыя звяртае ўвагу ўсіх аўтаўладальнікаў на тое, што з 24 мая па 11 чэрвеня ў краіне праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага—дзеці!". У гэтыя дні кіроўцам рэкамендуецца рухацца ў светлы час сутак з уключаным блізкім святлом фараў.
Надзея ДРЫЛА.
"Пабагацеў" на $12 000...53-гадовы гаспадар кватэры на вуліцы Варанянскага ў Мінску стаў ахвярай невядомага злодзея, які пранік у жыллё пацярпелага, калі нікога не было дома.
Каб патрапіць у "госці", злачынца адціснуў раму шклопакета і такім чынам залез у чужую кватэру. У невядомага хапіла часу, каб нанесці значны ўрон гаспадару: паводле слоў заяўніка, з кватэры скрадзена 12 тысяч долараў ЗША, 400 тысяч рублёў і 14 залатых ювелірных вырабаў. Па гэтым факце заведзеная крымінальная справа, праваахоўнікі займаюцца пошукам злачынцы.
Ігар ГРЫШЫН.
Машыну не зацугляешНоччу на дарозе Чырвоная Воля-Жалозы (Лунінецкі раён) на закругленні дарогі жыхар в. Ліпск дапусціў ДТЗ — яго "Фальксваген" апынуўся ў меліярацыйным канале. У выніку здарэння 16-гадовая дзяўчынка загінула, а другі пасажыр атрымаў траўмы і знаходзіцца ў бальніцы.
Сымон Свістуновіч.