Былы начальнік Бабруйскага аддзела ДАІ падазраецца ў хабарніцтве
Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Магілёўскай вобласці распачало адразу дзве крымінальныя справы за атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча, і падбухторванне да хабарніцтва. Гэтыя крымінальныя справы датычацца былога начальніка аддзела ДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкама.
Следства вызначыла, што ў снежні 2009 года гэты чалавек пры пасярэдніцтве 40-гадовага непрацуючага бабруйчаніна атрымаў 200 долараў за станоўчае вырашэнне пытання аб здачы экзаменаў на атрыманне вадзіцельскага пасведчання.
Потым ён звольніўся з праваахоўных органаў, але ў сёлетнім сакавіку па папярэдняй змове з пасярэднікам схіліў работніка камерцыйнага прадпрыемства даць хабар 200 долараў за атрыманне вадзіцельскага пасведчання. Пры атрыманні хабару пасярэднік быў затрыманы.
Ва УДФР паведамілі, што былы начальнік аддзела ДАІ арыштаваны, вядзецца следства.
Ілона Іванова.