Выпіў, сеў за руль, затрымалі...

Источник материала:  
19.05.2010 — ЧП

І так — тры дні запар

Неверагодна, але факт: на працягу трох дзён запар кіроўцу тройчы затрымлівалі за рулём у нецвярозым стане. А яшчэ праз чацвёра сутак — зноў. Пра гэта карэспандэнту "Звязды" паведаміў начальнік аддзела дазнання Кастрычніцкага РАУС г. Гродна Уладзіслаў ПІКУЛІН.

Упершыню гродзенец Алег Шаўчэнка, 1988 года нараджэння, быў затрыманы супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі летась у чэрвені. На аўтамабілі айчыма "Рэно Меган Сцэнік" ён рухаўся па абласным цэнтры, не маючы права на кіраванне транспартным сродкам. Мала таго, супрацоўнік ДАІ, выявіўшы пах спіртнога, прапанаваў кіроўцу прайсці медыцынскі агляд у цэнтры "Псіхіятрыя — наркалогія". У выніку быў устаноўлены факт алкагольнага ап'янення, які Шаўчэнка патлумачыў тым, што выпіў тры келіхі піва ў кавярні на АЗС. Пастановай суда Кастрычніцкага раёна г. Гродна гэта правапарушэнне каштавала яму штрафу ў памеры 1 мільёна 225 тысяч рублёў (35 базавых велічыняў). Падзейнічала?

Праз паўгода Алег атрымлівае вадзіцельскае пасведчанне на права кіравання транспартным сродкам катэгорыі "В", а затым купляе па рэкламнай абвестцы аўтамабіль "Мазда-626", на якім сёлета 29 сакавіка разам з двума сябрамі накіроўваецца ў Ліду ў госці да дзяўчат. Увечары, на зваротным шляху ў Гродна, кампанія робіць прыпынак у прыдарожнай кавярні. Гарбата ці кава хлопцаў, напэўна, не зацікавілі. Шаўчэнка, згодна з яго версіяй, ужывае адзін келіх моцнага піва "Арсенальнае" і — зноў за руль. Але ў Гродне машыну спыняе супрацоўнік ДАІ, а далей — як у леташнім выпадку з тым жа вынікам: алкагольнае ап'яненне. У кіроўцы забіраюць вадзіцельскае пасведчанне і талон да яго, выдаюць часовы дазвол, а аўтамабіль дастаўляецца на штрафстаянку.

Аднак не прайшло і сутак, як Шаўчэнка зноў аказваецца за рулём нападпітку. Забраўшы машыну са штрафстаянкі, ён нібыта паехаў рамантаваць яе ў гараж да сябра Аляксандра, дзе яны ўдвух выпілі паўтара літра піва. А затым, каб праверыць аўтамабіль пасля рамонту, Алег сядае за руль. І зноў спыняецца на дарозе, на гэты раз супрацоўнікамі спецыяльнага падраздзялення ДПС "Страла". Шаўчэнка адмаўляецца ад праходжання медагляду, і ў дачыненні да яго складаецца адпаведны адміністрацыйны пратакол. Ён адхіляецца ад кіравання машынай, якая адганяецца знаёмым у вышэйзгаданы гараж. Туды ж неўзабаве вяртаецца і Алег і — зноў за сваё. Выпіўшы, паводле яго слоў, адзін літр джын-тоніку і адзін літр піва, Шаўчэнка вырашае ехаць дахаты... на сваім, толькі што прыгнаным са штрафстаянкі аўтамабілі, паколькі "было позна". І ўначы, ужо 31 сакавіка, у чарговы, трэці за апошнія трое сутак, раз затрымліваецца Дзяржаўтаінспекцыяй. Медыцынскі агляд з дапамогай індыкатарнай трубкі пацвердзіў факт алкагольнага ап'янення.

Пасля гэтага Шаўчэнка застаецца без "колаў", але што за праблема... "Выручае" сябар Аляксандр, які 4 красавіка пазычае яму свой аўтамабіль "Аўдзі-100" для вырашэння "асабістых спраў". І ўначы гэта паездка зноў спыняецца супрацоўнікамі ДАІ, а ўжо добра вядомы ім кіроўца праходзіць чарговы медагляд, пасля чаго складаецца чарговы адміністрацыйны пратакол за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення. Як сцвярджае Шаўчэнка, ён выпіў паўтара літра піва.

Прыгавор суда Кастрычніцкага раёна г. Гродна ў дачыненні да Алега Шаўчэнкі — пазбаўленне права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў на пяць гадоў і штраф у памеры трохсот базавых велічыняў (10,5 мільёна рублёў). Пакаранне, безумоўна, сур'ёзнае. Аднак калі і гэта мера не перавыхавае, то наўрад ці хто з прыстойных удзельнікаў дарожнага руху быў бы супраць нормы заканадаўства, якая наогул пазбаўляла б падобных асобаў права на кіраванне транспартам. Пажыццёва. Няхай сабе п'юць піва, колькі хочацца. Аднак не выязджаюць пасля гэтага на дарогі, пагражаючы не толькі сабе, але і іншым.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Что прячут в своих закромах литературные музеи Янки Купалы и Якуба Колоса?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика