Па справе аб пажары на заводзе вылічальнай тэхнікі затрыманыя зваршчык і майстар
11 мая ў Мінску пры тушэнні пажару ў складскім памяшканні ААТ »МЗВТ» (вул. Прытыцкага, 62/1) загінулі чатыры супрацоўнікі ўпраўлення МНС, яшчэ чатыры — шпіталізаваныя. Агнём пашкоджана маёмасць на агульную суму каля 623 млн. рублёў (крыху менш за 18 тыс. базавых велічынь, г.зн. у асабліва буйным памеры). Следчым аддзелам папярэдняга расследавання Фрунзенскага РУУС Мінска распачата крымінальная справа па ч.3 арт.304 КК (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі).
Паводле версіі следства,
47‑гадовы рабочы (ён прайшоў адпаведную падрыхтоўку, праверку ведаў, атрымаў пасведчанне і талон аб праходжанні пажарна‑тэхнічнага мінімуму) па ўказанні непасрэднага кіраўніка — 28‑гадовага майстра — пры вытворчасці газазварачных рамонтных работ у складскім памяшканні прадпрыемства парушыў Правілы пажарнай бяспекі.На аснове наяўных звестак следства мяркуе, што падчас працы ён не выконваў меры бяспекі, а пасля заканчэння ўважліва не агледзеў месца правядзення работ і не ліквідаваў выяўленыя парушэнні. Менавіта гэтая неасцярожнасць, мяркуюць следчыя, і стала прычынай ўзнікнення пажару ў складскім памяшканні.
З улікам выкладзенага следчы Фрунзенскага РУУС вынес пастанову аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да згаданых асоб і прыняцці яе да вытворчасці. Зараз яны затрыманыя і змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама. Разам з тым, зараз адпрацоўваюцца і іншыя версіі здарэння. Канчатковая прычына таго, што здарылася, будзе вядомая пасля атрымання вынікаў пажарна‑тэхнічнай экспертызы.
БелаПАН