Дырэктар ДК у Воранаўскім раёне незаконна прадала рарытэтны раяль
Як паведаміў супрацоўнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама Ігар Белазёраў, дзяўчына вырашыла палепшыць сваё фінансавае становішча, прадаўшы казённы раяль, балансавы кошт якога складаў каля 10 млн. рублёў.
Уступіўшы ў змову са сваім знаёмым, індывідуальным прадпрымальнікам па рамонце музычных інструментаў, яна ўчыніла крадзеж канцэртнага раяля ручной зборкі «Блютнер» 1965 года выпуску. Раяль быў выпушчаны ў Германіі і з"яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Знайшоўшы пакупніка, дырэктар папрасіла бізнесмена зрабіць даведку аб няспраўнасці раяля. У заключэнні было напісана, што рамонту ён не падлягае, а значыць, яго можна спісаць. Але дырэктару не хапіла цярпення — інструмент разабралі і вынеслі з Дома культуры.
Пакупнік заплаціў за раяль 8 тыс. даляраў і, паводле папярэдняй інфармацыі, тут жа змясціў аб"яву ў інтэрнеце з прапановай аб продажы музычнага інструмента за 150 тыс. даляраў.Адсутнасць абавязковага акта спісання раяля зацікавіла службовых асоб аддзела культуры Воранаўскага райвыканкама, якія і звярнуліся ў міліцыю. Дырэктар паспрабавала прадставіць дакумент, але ўжо было позна.
БелаПАН