І зноў лекарка...
Зламысніца пад выглядам лекаркі пранікла ў кватэру 60-гадовай мінчанкі і выкрала 5 400 000 рублёў.
Як расказала прэс-афіцэр Савецкага РУУС Вольга Яскевіч, да пацярпелай, якая пражывае ў доме на вуліцы Цнянскай, наведаліся незнаёмка цыганскай нацыянальнасці з дзіцем. Назваўшыся лекаркай, зламысніца пачала запэўніваць, што на гаспадыню кватэру наведзена псота, а яна, таленавітая варажбітка, можа лёгка пазбавіць ад такой напасці. Пакуль пацярпелая хадзіла па шклянку вады для лекаркі, зламысніца з дзіцем уцяклі. Пенсіянерка выявіла знікненне кашалька з грашыма і паспяшалася звярнуцца па дапамогу ў праваахоўныя органы. Следчым аддзелам папярэдняга расследавання Савецкага РУУС заведзена крымінальная справа па артыкуле 205, ч. 2 КК, якая прадугледжвае да 4 гадоў пазбаўлення волі.
Супрацоўнікі міліцыі раяць грамадзянам не ўпускаць у дом незнаёмых людзей, ва ўсіх візіцёраў патрабаваць дакументы. Калі ж незнаёмцы праяўляюць настойлівасць, неабходна звярнуцца па дапамогу па нумары 102.
Вераніка ЛЕБЕДЗЕВА, "Мінск—Навіны".
"Прадпрымальны" аўтааматарКаб атрымаць грошы па страхоўцы, мінчанін інсцэніраваў крадзеж люстэркаў
"Выкрутасы" 37-гадовага мужчыны са страхоўкай (а яго машына была застрахаваная па сістэме КАСКА) раскрылі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС. Паводле звестак прэс-афіцэра Фрунзенскага РУУС Алы Галубовіч, у ліпені мінулага года гэты мінчанін звярнуўся ў міліцыю з заявай аб крадзяжы з яго аўто лінзаў люстэркаў задняга віду. Па гэтым факце была заведзеная крымінальная справа, аднак, як выявілася цяпер, насамрэч ніхто тады не замахваўся на маёмасць уяўнага пацярпелага — ён сам зняў люстэркавыя элементы. А пазней, у лістападзе, невядомы злодзей з гэтай машыны сапраўды выкраў лінзы задняга віду. "Прадпрымальны" ж гаспадар машыны да прыезду праваахоўнікаў скруціў і карпусы люстэркаў. Такім чынам, яму ўдалося за два страхавыя выпадкі атрымаць тры мільёны рублёў. У адносінах да махляра заведзеныя крымінальныя справы.
Ігар ГРЫШЫН.
Не дала разводу і... У г. Косаве (Івацэвіцкі раён) у міліцыю звярнулася жанчына і заявіла, што знікла яе 30-гадовая сястра — яна не начавала дома.Аператыўнікі дапыталі мужа зніклай і той прызнаўся, што вечарам 2 мая ён задушыў жонку ў аўтамашыне, а затым вывез за горад, прывязаў да мёртвай груз і ўтапіў яе ў меліярацыйным канале.
Забойца свой учынак растлумачыў тым, што жонка не давала згоды на развод і ў сям'і не сціхалі скандалы. Нябожчыцу дасталі з вады, судмедэкспертыза зробіць свае высновы. Затрыманы ўжо мае судзімасць за незаконнае захаванне боепрыпасаў (патронаў).
Нахуліганіў
На чыгуначным пераходзе каля г. Высокае нехта пашкодзіў сігналізацыю, 4 святлафоры і 3 дарожныя знакі. Супрацоўнікі Камянецкага РАУС выйшлі на 26-гадовага беспрацоўнага з Высокага, на якога і завялі крымінальную справу.
Сымон Свістуновіч.
Дырэктар абяцаў машыны... У Віцебску заведзена крымінальная справа ў адносінах да 34-гадовага дырэктара фірмы.Ён падазраецца ў тым, што на даверлівасці 15 чалавек зарабіў больш за 237 мільёнаў рублёў: паабяцаў ім даставіць з Германіі легкавыя аўто, ды не зрабіў гэтага. А грошы ўзяў.
А другога дырэктара, жыхара Віцебска, супрацоўнікі падраздзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі "злавілі" на тым, што на працягу ажно чатырох гадоў не браў або паніжаў плату за арэнду памяшканняў. У выніку гэтага прычыніў дзяржаве страту на суму болей за 41,1 мільёна рублёў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.