Пад Драгічынам грузавы цягнік сутыкнуўся з легкавым аўтамабілем
Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе абласной ДАІ Наталля Сахарчук, аварыя адбылася 27 красавіка ў 19.35 на чыгуначным пераездзе Вулька‑Антопальская перагона Драгічын — Гарадзец. Жыхар гарадскога пасёлка Антопаль Драгічынскага раёна, кіруючы аўтамабілем «Фальксваген‑Вента», праігнараваў забараняльны сігнал святлафора і выехаў на чыгуначны пераезд, дзе сутыкнуўся з грузавым цягніком №3015 Лунінец — Брэст.
У выніку ДТЗ лакаматыў працягнуў легкавы аўтамабіль па чыгуначным пуці 200 м. «Фальксваген‑Вента» атрымаў механічныя пашкоджанні. Яго вадзіцель з закрытай чэрапна‑мазгавой траўмай, ударанай ранай скроневай вобласці галавы, закрытай траўмай грудной клеткі змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне Драгічынскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Пацярпелага дасталі з заблакіраванага аўтамабіля ратавальнікі аддзялення пажарнай аварыйна‑ратавальнай часці Антопаля. Участак чыгункі, дзе адбылося ДТЗ, для руху цягнікоў не закрываўся.
Праверку праводзіць Брэсцкі аддзел унутраных спраў на транспарце.
Як зазначыла Сахарчук, з пачатку гэтага года ў вобласці адбылося два ДТЗ з удзелам чыгуначнага транспарту, у якіх пацярпелі тры чалавекі.
Ларыса Шыганава, БелаПАН