Патурбавалі нябожчыка
Жыхарка Оршы, 72-гадовая пенсіянерка, прыйшла ў раённы аддзел міліцыі і паскардзілася на тое, што вандалы скралі чыгунныя пласціны з магілы яе мужа на могілках у вёсцы Зайцава.
Страту ацанілі ў 180 тысяч рублёў. Падазраюць беспрацоўнага, раней судзімага за крадзеж.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Трагедыі ...на прыпынкахНа прыпынках грамадскага транспарту ў Жодзіне і Салігорску знайшлі трупы маладых людзей.
Аўтобусны прыпынак па вуліцы Савецкай у Жодзіне. Менавіта там развітаўся з жыццём 25-гадовы непрацуючы жыхар горада. Яго цела знайшлі ў кантэйнеры для пяску пад металічнай сметніцай.
— Смерць наступіла ад удушэння пяском, — знаёміць з заключэннем судмедэкспертызы старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Таццяна КАЛІНІНА. — На целе пацярпелага выявілі шматлікія крывападцёкі, на галаве — раны. А на днях затрымалі двух падазроных. Мяркуецца, што пацярпелы не быў папярэдне знаёмы са сваімі забойцамі, яны проста выпадкова сустрэліся і нешта не падзялілі. І падазроныя, і пацярпелы былі нападпітку.
Аналагічнае "п'янае" забойства адбылося праз тры дні каля прыпынку "Тэхнікум" ў Салігорску. Падчас сваркі, якая разгарэлася каля дванаццаці гадзін ночы, раней судзімы 50-гадовы жыхар Салігорска ўдарыў нажом у шыю 19-гадовага першакурсніка Салігорскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя. Малады чалавек загінуў на месцы.
Надзея ДРЫЛА.