Атручаныя хлорам жанчыны папраўляюцца
Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” 16 красавіка паведаміла загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Наталля Сіняўская. Яшчэ адна пацярпелая, 13-гадовая ўнучка гаспадыні дома, 16 красавіка знаходзілася ў педыятрычным аддзяленні бальніцы.
Па словах загадчыцы аддзялення Алы Галавач, дзяўчынка гатовая да выпіскі, але выпісваць у гэты дзень яе не было куды, бо маці з бабуляй знаходзіліся ў бальніцы. Гаспадыні дома на Міцкевіча 81 год, яе дачцэ, інваліду трэцяй групы, – 43, унучцы – 13 гадоў.
Падрабязнасці здарэння расказала нашаму выданню інспектар групы прапаганды і навучання гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ермакова.
Гаспадар дома №9 на вуліцы Міцкевіча знайшоў на звалцы два металічныя 40-літровыя балоны. Ён вырашыў разрэзаць іх, каб здаць на металалом і атрымаць грошы. 14 красавіка каля 13 гадзін на сваім падворку гаспадар пачаў разразаць першы балон.
Насуперак чаканням, балон аказаўся не пустым. З яго выйшла воблака пары. Мужчына патэлефанаваў выратавальнікам. Пара газу перамясцілася на суседні падворак.
Жыхары суседняга дома: бабуля, яе дачка і ўнучка адчулі, што пачалі задыхацца, у іх слязіліся вочы. Жанчын і дзяўчынку адвезлі ў рэанімацыю. Выратавальнікі ўстанавілі: пара, што выйшла з балона, была парай вадкага хлору.