У Літву - без візы
Грамадзян Грузіі незаконна перапраўлялі ў Літву чацвёра ашмянцаў летам мінулага года.
Фота lenta.xat.kz.
Нелегальных мігрантаў транзітам праз Беларусь у Еўропу ашмянцы перапраўлялі летам 2009 года. 9 ліпеня Сяргей Сопач і Максім Андрушойць на машынах “Фіят-Пунта” і “Аўдзі-100” перавезлі семярых грамадзян Грузіі з чыгуначнай станцыі “Ашмяны” ў горад і пасялілі ў гасцініцы.
На мове пратакола гэта называецца “забеспячэнне незаконнага знаходжання мігрантаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Наступным днём, 10 ліпеня, Сяргей з Максімам на сваіх машынах завезлі мігрантаў у вёску Луды. Там іх чакаў Раман Гасцевіч. Раман пешшу давёў грузінскіх грамадзян да мяжы з Літвой і пераправіў іх у суседнюю краіну.
За свае паслугі Сопач з Андрушойцем атрымалі 1 500 долараў ЗША, 100 долараў аддалі Гасцевічу, астатнія грошы падзялілі паміж сабой.
Па той жа самай схеме Сяргей, Максім і Раман перапраўлялі шасцярых грамадзян Грузіі і грамадзяніна Расіі ў Літву 22 ліпеня вечарам. На гэты раз перапраўка не была паспяховай. Рамана Гасцевіча разам з нелегальнымі мігрантамі каля паловы чацвертай гадзіны ночы 23 ліпеня затрымаў нарад дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Сяргей Сопач з Максімам Андрушойцем заставаліся на свабодзе і злачыннай дзейнасцю не перасталі займацца. Узяўшы ў кампанію Віктара Андрушойця, бацьку Максіма, яны 27 і 29 жніўня перавезлі ў вёскі Горная і Міхалконі 13 грамадзян Грузіі. 30 жніўня вечарам на аўтамабілях мігрантаў завезлі да мяжы з Літвой. За паслугі атрымалі 1 500 еўра і 1 200 долараў ЗША.
Каля дзвюх гадзін ночы 31 жніўня недалёка ад вёскі Дайноўка трох мігрантаў затрымалі беларускія памежнікі, 10 грамадзян Грузіі паспелі перасекчы мяжу Беларусі і Літвы. У Літве іх сустрэлі мясцовыя супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Усе абвінавачаныя ў судзе цалкам прызналі сваю віну. Суд улічыў прызнанне віны і раскаянне як абставіны, што змякчаюць віну. Раман Гасцевіч пераводзіў мігрантаў за мяжу ў стане алкагольнага ап'янення. Па медыцынскіх паказчыках, мужчына хворы на хранічны алкагалізм. У калоніі яго будуць прымусова лячыць.
Асуджаныя павінны выплаціць дзяржаве грошы, якія яны зарабілі, займаючыся арганізацыяй незаконнай міграцыі.
Анастасія ПАСТУШКО, памочнік пракурора Ашмянскага раёна.
Сяргей ЗЯНЬКО.