Пілі, збівалі, кралі…
Неаднаразова судзімы 19-гадовы Аляксандр А. паўдзельнічаў ва ўсіх чатырох злачынствах, мяняючы сваіх напарнікаў. Адпаведна і тэрмін зняволення ён атрымаў самы вялікі - сем гадоў калоніі.
Паводле праведзенага расследавання, 19 кастрычніка 2009 года каля адной гадзіны ночы Аляксандр і яго 20-гадовы знаёмы Сяргей Д. каля дома №8 на вуліцы Гагарына рукамі і нагамі нанеслі не менш за 40 удараў па галаве і целе маладога мужчыны, пасля чаго, як непатрэбную рэч, кінулі яго пад балкон дома ў кусты. І нападальнікі, і іх ахвяра былі п'яныя.
Пацярпелага знайшлі работнікі міліцыі, якія патрулявалі горад. Паводле іх слоў, яны ведаюць яго як неканфліктнага, спакойнага, ціхага п'яніцу, які нікому не робіць ніякай шкоды.
Раней судзімыя Аляксандр і Сяргей адказалі перад законам па артыкуле Крымінальнага кодэкса “Наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў з мучэннямі і катаваннямі групай асоб”. Сяргей атрымаў шэсць гадоў зняволення.
Той самай ноччу пасля збівання чалавека хлопцы на прыватным падворку залезлі ў аўтамабіль “Аўдзі-80”, дзе выдралі аўтамагнітолу.
Прайшло толькі два тыдні, і Аляксандр пайшоў на новае злачынства. На гэты раз сабе ў напарнікі ён узяў 19-гадовага Марата А. Хлопцы разам выпівалі ў кватэры знаёмых аднаго з дамоў на вуліцы Гагарына. Пасля п'янкі яны зайшлі ў суседнюю кватэру, якая была незамкнёная. П'яны гаспадар спаў. Нязваныя госці вынеслі мабільны тэлефон і світэр.
Мабільнік коштам 56 тысяч рублёў пасля прадалі за 10 тысяч на чыгуначным вакзале ў Маладзечне. Прыгавор Марату - 1 год абмежавання свабоды.
Апошнім у крымінальных прыгодах Аляксандра стаў налёт на магазін “Паланэз” у Залессі. Здзейсніў ён яго разам з 27-гадовым Віктарам М., адзіным чалавекам з гэтай чацвёркі, які раней не быў судзімы.
Адцягнуўшы ўвагу прадаўшчыцы, грабежнікі вынеслі з магазіна тры бутэлькі гарэлкі, 300 грамаў кілбасы, тры пачкі цыгарэт і карабок запалак. Віктару такая п'янка абышлася ў два гады абмежавання волі.
Абвінавачаныя абскардзілі прыгавор. На момант здачы матэрыялу ў друк ён не ўступіў у законную сілу.
Сяргей БОЛАНДЗЬ, следчы пракуратуры Смаргонскага раёна.
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ, пракурор аддзела па наглядзе за расследаваннем органаў пракуратуры Гродзенскай вобласці.