Абакралі школьную сталовую
Начальнік аддзела дазнання райаддзела міліцыі Андрэй Лесь расказаў у інтэрв'ю “РГ”: прадукты са сталовай вынеслі дзесьці ад 17 гадзін 2 красавіка да 6 гадзін 5 красавіка, калі заняткі не праводзіліся.
У школе пазменна працуюць два вартаўнікі, але ўбачыць ці пачуць момант крадзяжу вартаўнік не змог ці не захацеў.
Па словах Андрэя Леся, міліцыя пра здарэнне паведаміла ў пракуратуру. Матэрыяльная шкода ад крадзяжу нанесеная дзяржаве, і пракуратура можа падаваць іск у суд аб кампенсацыі шкоды. Па рашэнні суда кампенсацыю могуць спагнаць з вартаўніка, калі той дрэнна выконваў свае абавязкі.
Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле “Крадзеж”. Гэта не першы сёлета крадзеж са школьнай сталовай у Маладзечне. У лютым такое ж злачынства было здзейсненае ў сталовай гімназіі-каледжа мастацтваў. Яно таксама пакуль не раскрытае.
Андрэй Лесь не выключае, што дзейнічаў адзін і той жа злачынца. Але дастатковых доказаў такой версіі няма, таму дзве справы, узбуджаныя па факце крадзяжоў, пакуль не аб'ядноўваюць у адну.
Сяргей ЗЯНЬКО.