Граната на ферме
Яшчэ не ўсе боепрыпасы “аддала” зямля
Незвычайная знаходка ў час рамонтных работ на ферме ў вёсцы Нячатава Столінскага раёна трапілася работнікам СВК “Фядорскі” -- граната “РГ-42”.
Адразу аб гэтым паведамілі ў Столінскі райваенкамат, а на ахове месца знаходкі дзяжурыў участковы. Фядорская зямля, дарэчы, кожны год “здзіўляе” такімі сюрпрызамі. Напрыклад, летась у чэрвені ў кар'еры паблізу Нячатава ваеннаслужачымі 52-га пошукавага батальёна знойдзены астанкі загінуўшага байца часоў Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, яго імя ўстанавіць немагчыма. Астанкі былі перазахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Фядоры.
На гэтым жа месцы праз 65 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай ваеннаслужачыя часці 7404, якая дыслакуецца ў Баранавічах, знайшлі яшчэ дзве ручныя гранаты “РГ-42”, рэшткі каскі і лыжку, на якой выбіты ініцыялы абаронцы Радзімы -- “М. І. Я.” У хуткім часе на месцы знаходак будуць працаваць спецыялісты. Ёсць верагоднасць, што зямля паблізу Нячатава тоіць у сабе яшчэ нямала боепрыпасаў.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара