Баранавіцкай міліцыі здаўся «арганізатар» выбуху ў Мінску 2008 году
Мужчына, што патэлефанаваў 2 сакавіка ў Баранавіцкі ГАУС, паведаміў, што ён мае дачыненне да выбуху, што адбыўся ў 2008 годзе ў Мінску на Дзень незалежнасці. Больш за тое, цяпер ён рыхтуе новы выбух.
Як расказаў намеснік начальніка гарадскога аддзелу ўнутраных справаў Эльдар Вільчкоўскі, суразмоўца паведаміў сваё прозвішча, імя, а таксама адрас, дзе ён знаходзіцца, пасля чаго паклаў трубку.
Супрацоўнікі міліцыі, што выехалі на адзначаны адрас, сапраўды знайшлі там 31-гадовага мужчыну, які тэлефанаваў на спецлінію «102» са свайго мабільнага тэлефона.
Як высветлілася, да гэтага «арганізатар выбуху» некалькі разоў лячыўся ў Навінках у Мінску.
З дыягназам «вострае псіхічнае расстройства» мужчына быў дастаўлены ў Баранавіцкі псіханеўралагічны дыспансер.
Цяпер па дадзеным факце праводзіцца праверка.