На будаўніцтве праваслаўнага храма ў Брэсце загінуў яго настаяцель
На будоўлі праваслаўнага храма, які ўзводзіцца ў Брэсце на вуліцы Беларускай, у выніку падзення з пляцоўкі пад"ёмніка загінуў настаяцель і атрымаў цялесныя пашкоджанні прыхаджанін.
Як паведаміў следчы пракуратуры Ленінскага раёна Брэста Аляксей Ярошык, трагедыя здарылася ў другой палове дня 24 лютага ўнутры царквы. Вядома, што 58-гадовы настаяцель храма і 42-гадовы прыхаджанін стаялі на перасоўнай пляцоўцы будаўнічага стоечнага пад"ёмніка.
Паводле папярэдніх звестак, абарваўся металічны трос пляцоўкі, якая разам з людзьмі на ёй упала з вышыні.
Настаяцель храма загінуў на месцы. Прыхаджанін шпіталяваны ў рэанімацыйнае аддзяленне Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
Праверку па гэтым факце праводзіць пракуратура Ленінскага раёна Брэста.