Пайшоў насустрач цягніку і загінуў
Каля чыгуначнага пераходу на вуліцы Лібава‑Роменская ў Маладзечне пад коламі электрацягніка вечарам 19 лютага загінуў 52‑гадовы мужчына.
Здарэнне адбылося ў 18 гадзін 40 хвілін. Паводле слоў відавочцаў здарэння, мужчына ішоў з боку аўтобуснага прыпынку ў бок чыгункі, у руках нёс сумку, хістаўся. Можна меркаваць, што быў нецвярозы.
З боку станцыі Маладзечна ў бок Мінска рухалася электрычка. Ля пераходнага мосціка праз чыгунку працавала святлавая і гукавая сігналізацыя, папярэджваючы пра набліжэнне цягніка.
Гэта не спыніла мужчыну, ён выйшаў на сярэдзіну пераходнага мосціка, павярнуўся ў бок электрычкі і пайшоў ёй насустрач, размахваў рукамі і нешта крычаў.
Машыніст цягніка ўключыў экстранае тармажэнне, пачаў сігналіць, але трагедыі пазбегнуць не ўдалося. Электравоз наехаў на мужчыну і некалькі дзесяткаў метраў працягнуў яго пад сабой. Ад атрыманых траўмаў пацярпелы памёр на месцы здарэння.