Былыя мiлiцыянеры асуджаны па паляўнiчай справе
Трох асудзiлi да пазбаўлення волi, адзiн быў вызвалены ў зале суда. "Паляўнiчую справу" называюць адной з самых непрыемных у гiсторыi беларускай мiлiцыi.
У перавышэннi службовых паўнамоцтваў цi злоўжываннi абвiнавачвалiся адразу чатыры высокапастаўленыя мiлiцыянеры. "Паляўнiчая справа" прагрымела ў канцы чэрвеня мiнулага года, калi на нарадзе з аператыўна-кiруючым саставам было расказана пра аднаго з начальнiкаў Жлобiнскага РАУС, якi "аформiў на падстаўную асобу сядзiбу", "захапiў лясныя ўгоддзi".
На тэрыторыю той самай сядзiбы выязджала карэспандэнтка "Звязды". Ад мясцовых жыхароў яна даведалася пра тое, што сядзiбай запраўляў падпалкоўнiк мiлiцыi, паляваць сюды прыязджалi вялiкiя начальнiкi, "галiвудзiлi". А мясцовым жыхарам даводзiлася абслугоўваць "гаспадарку". У матэрыялах крымiнальнай справы разглядалiся эпiзоды незаконнага палявання на рэдкiх жывёлаў i iншае. Трэба сказаць, што журналiсты пра "паляўнiчую справу" ведалi мала. Нават у судзе справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Магчыма, "паляўнiчая справа" не нарабiла б столькi шуму, але да журналiстаў звярнулiся сваякi затрыманых мiлiцыянераў. У iх была свая праўда. Сваякi сцвярджалi, што мiлiцыянеры сталi ахвярамi нейкiх "разборак"...
Журналiстам заставалася толькi канстатаваць факты. У сераду, 17 лютага, зачытвалася толькi рэзалюцыйная частка рашэння Вярхоўнага Суда. Былы начальнiк галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй i эканамiчнымi злачынствамi МУС Вiктар Ермакоў атрымаў 3 гады пазбаўлення волi ў калонii агульнага рэжыму за злоўжыванне службовымi паўнамоцтвамi i перавышэнне ўлады. Былы начальнiк аддзела па барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi i карупцыяй у стратэгiчных напрамках УУС Гомельскага аблвыканкама Дзмiтрый Баранаў атрымаў 3 гады пазбаўлення волi за перавышэнне ўлады i службовых паўнамоцтваў. Ён будзе адбываць пакаранне ў калонii ўзмоцненага рэжыму. Былы начальнiк аддзела па барацьбе з карупцыяй i эканамiчнымi злачынствамi Жлобiнскага РАУС Леанiд Мiнянкоў атрымаў 4 гады пазбаўлення волi ў калонii агульнага рэжыму за злоўжыванне службовымi паўнамоцтвамi.
Усе яны пазбаўленыя права займаць пэўныя пасады на працягу 5 гадоў. Суд прыняў рашэнне не спаганяць з iх штраф. Былы супрацоўнiк упраўлення па барацьбе з карупцыяй i эканамiчнымi злачынствамi УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Малаеў пазбегнуў турэмнага зняволення на падставе закона аб амнiстыi...
Яўген ВАЛОШЫН.