У Гродне п’яны ліцэіст скраў аўтобус
Крымінальная справа за крадзеж аўтатранспарту распачата ў Гродне ў дачыненні да 18‑гадовага навучэнца аднаго з мясцовых ліцэяў.
Як паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Гродзенскага аблвыканкама, злачынства было ўчынена вечарам 24 студзеня. Малады чалавек згнаў аўтобус «Радзіміч» з аўтавакзала на вуліцы Чырвонаармейскай. Кіроўца, калі пайшоў адзначаць пуцявы ліст, не толькі не зачыніў транспартны сродак, але і пакінуў ключы ў замку запальвання.
Згоншчык быў затрыманы праз 20 хвілін супрацоўнікамі Кастрычніцкага аддзела дэпартамента аховы МУС. Хлопец знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
Малады чалавек раней ужо быў судзімы за крадзяжы аўтатранспарту. Апошняе судовае пасяджэнне адбылося ўсяго месяц таму.
Цяпер навучэнец ліцэя ўзяты пад варту.