Хлопцы сарвалiся з вышынi...
У Мiнску 6 студзеня загiнуў школьнiк, якi звалiўся ўнiз з шаснаццацiпавярховага жылога дома на вулiцы Бурдэйнага.
Як паведамiў карэспандэнту "Звязды" старшы памочнiк пракурора Мiнска Сяргей Балашаў, цела дзевяцiкласнiка было знойдзена каля сямi гадзiн вечара каля дома, дзе i здарылася няшчасце, а на парапеце 16-га паверха будынка следчыя выявiлi сляды гэтага школьнiка. Паводле адной з версiй, хлопчык займаўся паркурам i сарваўся з вышынi ўнiз. Праверку па гэтым факце праводзiць пракуратура Фрунзенскага раёна сталiцы.
А 8 студзеня ў дзве гадзiны ночы на вулiцы Рабкораўскай у Мiнску звалiўся з вышынi чацвёртага паверха i загiнуў 21-гадовы жыхар Заслаўя. Як выявiлася, ён разам з iншым удзельнiкам гэтай гiсторыi спрабавалi трапiць у iнтэрнат Інстытута культуры: дзверы будынка былi зачыненыя i да знаёмай хлопцы вырашылi залезцi праз балкон, на якiм iх чакала дзяўчына. Аднаму гэта ўдалося, а другi сарваўся. На месцы здарэння былi знойдзеныя фрагменты тэлевiзiйнага кабелю, па якiм, вiдаць, хлопцы караскалiся ўверх.
Iгар ГРЫШЫН.
Патэльня як зброя...У Мiкашэвiчах (Лунiнецкi раён) два браты селi выпiць. Калi гарэлка закончылася падняўся скандал.
Старэйшы (54 гады) брат схапiў патэльню са стала i пачаў дубасiць малодшага (48 гадоў).
Апошняга з разбiтай галавой, са страсеннем мазгоў i з паломанымi рэбрамi даставiлi ў бальнiцу.
Сымон Свiстуновiч.
Ад выбуху катла пацярпеў качагарУ вёсцы Мiкалаева Мiёрскага раёна ў кацельнi сельскагаспадарчай арганiзацыi выбухнуў бытавы кацёл. У вынiку абрушыўся жалезабетонны дах у будынку кацельнi i разбурылiся дзве знешнiя сцяны.
Прычынай пажару папярэдне лiчаць парушэнне правiлаў эксплуатацыi ацяпляльнай прылады (недахоп вады ў ацяпляльнай сiстэме). 57-гадовы качагар, якi адпачываў на тапчане побач, выбуховай хваляй быў выкiнуты ў акно.
Аляксандр
ПУКШАНСКI.
Неядомае мясаБольш за тону расфасаванай мясной прадукцыi на святы канфiскавана ў Ждановiчах супрацоўнiкамi аддзела па раскрыццi цяжкiх эканамiчных злачынстваў ГУУС Мiнгарвыканкама i аддзела па барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi Цэнтральнага РУУС: у гэтым выпадку людзям рэалiзоўвалася мяса, якое нельга было есцi.
Як удакладнiлi карэспандэнту "Звязды" ў аддзяленнi iнфармацыi i грамадскiх сувязяў ГУУС Мiнгарвыканкама, гандляваў гэтай прадукцыяй на тэрыторыi аўтастаянкi рынку 37-гадовы непрацуючы жыхар Брэсцкай вобласцi. Калi ў мужчыны запатрабавалi дакументы на тавар, то выявiлася, што нiякiх папер, што пацвярджалi б якасць i набыццё мяса, у яго не было. Як, дарэчы, адсутнiчалi i маркiровачныя ярлыкi i iншыя iнфармацыя аб тэрмiнах выпрацоўкi i рэалiзацыi прадукцыi. У ходзе наступнага разбору выяўлена, што прадукты былi вырабленыя ў Польшчы, але рэалiзаваць iх планавалася пад маркай вядомых беларускiх вытворцаў.
Што ж датычыцца якасцi мяса, якое пакупнiкам прапаноўваў згаданы гандляр, то, паводле заключэння Мiнскага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii, яно было непрыдатным для спажывання ў ежу i канфiскаваны тавар неабходна знiшчыць. Мiж iншым, кошт канфiскату "пацягнуў" на суму больш як 20 мiльёнаў рублёў. На затрыманую ж "прадпрымальную" асобу складзены пратакол аб адмiнiстрацыйным парушэннi: гандляру пагражае штраф да 500 базавых велiчынь.
Iгар ГРЫШЫН.