Ад петардаў у Мінску 1 студзеня пашкоджанні атрымалі дзевяць чалавек
За мінулыя суткі ў Мінску ад петардаў пацярпелі дзевяць чалавек, з іх трое шпіталізаваныя і ўсе – з пашкоджаннямі вачэй. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Віктар Шэін.
У Гродне 13-гадовы хлопчык у навагоднюю ноч сур’ёзна пацярпеў ад такой петарды. Нехта кінуў такую петарду, якая ўзарвалася каля яго вачэй і моцна іх пашкодзіла.
На мінскую станцыю хуткай медыцынскай дапамогі паступіла 48 зваротаў з прычыны галалёдных траўмаў, два чалавекі шпіталізаваныя. Таксама зафіксавана 16 алкагольных атручванняў (8 чалавек шпіталізаваныя), інфармуе БЕЛТА.
Дарэчы, у Брытаніі прапануюць наадварот штрафаваць тых, хто трапляе ў бальніцы з такімі атручваннямі, паведамляе Еўраньюс.
1 студзеня ў Мінскай вобласці затрымалі 30 п’яныхх кіроўцаў. Адзін чалавек загінуў у ДТП.
Так, ва Уздзенскім раёне а 7:30 1 студзеня на 55-м кіламетры дарогі імя Менцюка (Мінск – Слуцк – Мікашэвічы) кіроўца 1965 года народзінаў на «Лексусе» не даў рады кіраванню аўто, з’ехаў у кювет, дзе машына перакулілася і ўрэзалася ў дрэва.
Мужчына ад атрыманых траўмаў памёр на месцы.