Па сцэнары Казуліна
Распачата крымінальная справа ў дачыненні да былога рэктара Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Мінск, 24 лістапада. У следчым упраўленні папярэдняга расследавання галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама распачата крымінальная справа ў дачыненні да былога рэктара Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелаМАПА).
Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Аляксандр Ластоўскі, 52-гадовы мінчанін падазраецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры). Ён падазраецца ў тым, што з чэрвеня 2005 года па май 2008 года, працуючы рэктарам БелМАПА, украў больш як 20 млн. рублёў.
Справа распачата паводле матэрыялаў упраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі ГУУС.
Максімальная санкцыя ч. 3 арт. 210 КК — дзесяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.