Экскаватар-пагрузчык наехаў на 19-гадовага пешахода
У Пінску экскаватар-пагрузчык «ЭО-2626А» наехаў на пешахода, які рухаўся па тратуары.
Як паведаміла начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды абласнога ДАІ Наталля Сахарчук, аварыя адбылася 4 лістапада каля 16.30 на скрыжаванні вуліц Кірава і Шубікідзэ. 31-гадовы вадзіцель экскаватара ажыццяўляў паварот направа з вуліцы Кірава. Не ўлічыўшы дарожныя ўмовы і ўмовы надвор"я, ён не справіўся з кіраваннем і экскаватар выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з маршрутным аўтобусам «МАЗ», што ехаў насустрач.
Пасля гэтага экскаватар-пагрузчык развярнула, і ён выехаў на тратуар, дзе наехаў на 19-гадовага пінчука.
У выніку пешаход атрымаў розныя траўмы: закрытую чэрапна-мазгавую, удар галаўнога мозга, лінейны пералом левай скроневай косткі, удар правага тазасцегнавога сустава. Малады чалавек змешчаны ў нейрахірургічнае аддзяленне Пінскай гарадской бальніцы. Пасажыры аўтобуса, з якім сутыкнуўся экскаватар-пагрузчык, не пацярпелі.
Па факце аварыі праводзіцца праверка. Як адзначыла Сахарчук, сёлета гэта першае ў вобласці ДТЗ, у якім экскаватар учыніў наезд на пешахода.