Дырэктарку ЖЭУ пакаралі арыштам за смерць кацяняці
28.10.2009 18:19
—
ЧП
Суд Ленінскага раёна Менска пакараў арыштам на двое сутак дырэктарку Жыллёва‑эксплуатацыйнага ўпраўлення № 82 (ЖЭУ‑82) Алену Махніцкую.
Сёлета 5 жніўня ў сутарэнні дома № 12, што на вуліцы Ракасоўскага, былі замураваныя кошкі разам з кацянятамі. Адно кацяня ў выніку загінула.
Праз дзень абаронцы жывёлаў звярнуліся ў міліцыю з просьбай распачаць адміністрацыйную справу паводле артыкулу 15.45 (жорсткае абыходжанне з жывёламі) супраць супрацоўнікаў ЖЭУ.
Справу разглядалі ў судзе Ленінскага раёну. Дырэктарка ЖЭУ Алена Махніцкая апраўдвала свае дзеянні, спасылаючыся на «Правілы і нормы ўтрымання жылых памяшканняў».
Але суд кваліфікаваў яе дзеянні як жорсткае абыходжанне з жывёламі і пакараў яе на двое сутак арышту.