Загінуў падчас нарыхтоўкі дроваў
У Брэсцкім раёне пры нарыхтоўцы дроў смяротна траўмаваны бензапілой 62‑гадовы мясцовы жыхар.
Як паведамілі ў пракуратуры раёна, трагедыя адбылася ў вёсцы Церабунь 26 кастрычніка. Непадалёк ад свайго дома 62‑гадовы мужчына і яго 31‑гадовы сын распілоўвалі драўніну бензапілой «Штыль». Бацька прытрымліваў ствол дрэва, якое распілоўваў яго сын. Маладому чалавеку не ўдалося да канца распілаваць дрэва зверху, і ён вырашыў гэта зрабіць знізу, аднак не ўтрымаў пілу і яна траўмавала бацьку.
Медыкі, што прыбылі на месца здарэння, не змаглі выратаваць пацярпелага. У загінулага была рэзаная скальпаваная рана вонкавай бакавой паверхні шыі з пашкоджаннем сасудаў шыі. Смерць 62‑гадовага мужчыны наступіла ад масіўнай вонкавай страты крыві.
Праверку па гэтым факце праводзіць пракуратура Брэсцкага раёна.