Пайшлi з дому i пакуль не вярнулiся
Вучань 8-га класа, жыхар вёскi Гарбузы Дзяржынскага раёна Мiнскай вобласцi, якi знаходзiўся ў свайго брата ў вёсцы Глыбоцкае Гомельскага раёна, забраў свае рэчы i паехаў у невядомым накiрунку на дарожным веласiпедзе. Як расказаў начальнiк аддзялення вышуковай работы Гомельскага РАУС Яўген Палазкоў, хлопчык, мацi якога памерла, калi ён быў малы, схiльны да бадзяжнiцтва, жабравання i крадзяжоў. Яшчэ 18 кастрычнiка ён збег ад сястры, якая дала яму абмяняць грошы ў горадзе Дзяржынску. Невядомым шляхам ён трапiў на чыгуначны вакзал у Гомелi, адкуль яго даставiлi ў сацыяльны прытулак, а потым 14-гадовага падлетка забраў да сябе брат. Але i ў яго ён доўга не затрымаўся...
А вось другi юнак, жыхар вёскi Левашы Рэчыцкага раёна, не меў да гэтага звычкi знiкаць. У невядомым накiрунку 25 кастрычнiка пайшоў з дому вучань 7-га класа. Ён быў вельмi лёгка апрануты — на нагах толькi белыя сланцы. На пошукi хударлявага хлопчыка невялiкага росту з блакiтнымi вачыма i белымi валасамi выйшлi аднавяскоўцы, мiлiцыя, ваенныя — каля 100 чалавек. Начальнiк мiлiцыi грамадскай бяспекi Рэчыцкага РАУС Яўген Безя адзначыў, што пакуль не знойдзены магчымыя прычыны, чаму дзiця магло само пайсцi з дому...
Ірына АСТАШКЕВIЧ.