Каб скрасці гарэлку, абясточыў цэлую вёску
У Рэчыцкім раёне зламыснік пакінуў без святла цэлую вёску, каб украсці прадукты і гарэлку з сельмага.
18 кастрычніка прыкладна ў тры гадзіны ночы невядомы адключыў ад электрычнасці вёску Велін Рэчыцкага раёна, абясточыў цэнтральны рубільнік і вырваў дзвярную каробку з дзвярыма, каб патрапіць у вясковы магазін. Там ён украў цыгарэты, спіртныя напоі, цукеркі, сок і каўбасу амаль на 2 млн. рублёў.
Міліцыя шукае падазраванага, распачата крымінальная справа, паведамілі БелаПАН у прэс‑службе УУС Гомельскага аблвыканкама.
За апошні час гэта не першы дзёрзкі крадзеж з сельскіх крамаў. У ноч з 7 на 8 кастрычніка невядомы ўзламаў дзверы, праламаў сцяну кацельнай і патрапіў у магазін вёскі Шэрсцін Веткаўскага раёна, адкуль украў прадукты харчавання, цыгарэты і спіртныя напоі на 13 млн. рублёў.