Пабег кiроўца, а пасажыр у цiсках
У Лёзненскiм раёне ранiцай на аўтадарозе Лёзна—Арэхаўск ля вёскi Бабiнавiчы кiроўца "Аўдзi-80" не справiўся з кiраваннем, i машына, перакулiўшыся, апынулася ў кювеце. Кiроўца, 26-гадовы жыхар вёскi Дабрамыслi, чамусьцi адразу збег з месца дарожна-транспартнага здарэння.
А вось 25-гадовы пасажыр аўтамабiля — жыхар вёскi Аспенкi, як паведамiлi "Звяздзе" ў Вiцебскiм абласным упраўленнi па надзвычайных сiтуацыях, не мог нават пакiнуць машыну. Ён лiтаральна апынуўся ў металiчных "цiсках" аўтамабiля.
Супрацоўнiкi раённага аддзела мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях ранiцай пры дапамозе спецыяльных iнструментаў выцягнулi закладнiка аўтамабiля i перадалi медыкам, якiя прыбылi на месца аварыi. Але выратаваны пасажыр адмовiўся ад шпiталiзацыi.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.