Зладзейкi пад выглядам сацыяльных работнiц
27 жнiўня ранiцай у кватэру 80-гадовай магiляўчанкi прыйшлi дзве незнаёмыя жанчыны, якiя назвалiся сацыяльнымi работнiцамi. Пасля iх адыходу гаспадыня недалiчылася 1 мiльёна 600 тысяч беларускiх рублёў i 495 долараў. Знiклыя грошы i зладзеек шукае мiлiцыя.
Алена Казлова.
Камп'ютарная тэхнiка
была "шэрай"
30 вадкакрышталiчных манiтораў без маркiроўкi iдэнтыфiкацыйнымi знакамi, а таксама 2080 камплектавых да камп'ютараў без таварасуправаджальных дакументаў агульным коштам амаль 40 мiльёнаў рублёў выявiлi аператыўнiкi УУС Гродзенскага аблвыканкама i падатковай iнспекцыi па Ленiнскiм раёне г. Гродна.
Камп'ютарная тэхнiка трапiла ў абласны цэнтр са сталiцы i прызначалася для рэалiзацыi ў мясцовых фiрмах, паведамляе аддзяленне iнфармацыi i грамадскiх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама. На вадзiцеля, якi яе перавозiў аўтамабiлем "Івека", складзены адмiнiстрацыйны пратакол, яму пагражае сур'ёзны штраф. Цяпер высвятляецца, чаму грузаадпраўшчыкi не аформiлi належным чынам дакументацыю. На частку прадукцыi яна наогул адсутнiчала, што можа сведчыць пра ўвоз тавару на тэрыторыю Беларусi ў абыход вызначаных патрабаванняў.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Наркаўраджай
у Скiдалi
Буйную партыю марыхуаны выявiлi аператыўнiкi Гродзенскага райаддзела мiлiцыi ў Скiдалi.
"Плантацыя" дзiкарослых канапель на вулiцы Клубнай знаходзiлася побач з агародамi мясцовых жыхароў i займала 50 квадратных метраў, вага знiшчанага зелля — 30 кiлаграмаў. Але гэта была дробязь у параўнаннi з безгаспадарным полем на вулiцы Паштовай, дзе наркаўраджай размяшчаўся на плошчы каля 500 квадратных метраў. Агульная вага экзатычных iндыйскiх канапель склала 220 кiлаграмаў.
Барыс ПРАКОПЧЫК.