У БДУ лекцыі студэнтам пачалі чытаць праз Skype

Источник материала:  
29.11.2012 10:37 — Новости Hi-Tech
Павел Кожыч Фота: Валерый ХарчанкаУ Беларускім дзяржаўным універсітэце пачалі праводзіць лекцыі ў рэжыме онлайн. Магістрантам, якія засвойваюць курс "Асновы інфармацыйных тэхналогій", пашанцавала стаць першымі слухачамі, што даведаліся пра ІТ, седзячы дома на ўтульнай канапе з кубачкам гарбаты.

Ідэя чытаць лекцыі ў форме, новай для беларускіх універсітэтаў, належыць старшаму выкладчыку кафедры эканамічнай інфарматыкі і матэматычнай эканомікі эканамічнага факультэта Паўлу Кожычу.

Прывабнасць ідэі — у зручнасці такіх лекцый для навучэнцаў і ў тым, што іх арганізацыя не патрабуе аніякіх грашовых укладанняў. Адзіная ўмова — мець на сваім камп’ютары ці мабільным тэлефоне папулярную праграму "Skype", якая дазваляе весці перамовы праз інтэрнэт, прычым размаўляць як сам-насам, дзякуючы чаму можна праводзіць індывідуальныя кансультацыі, так і цэлай групай адначасова. Але калі групавы званок бясплатны для ўсіх удзельнікаў, то відэа з’яўляецца платным, да таго ж у відэасувязі можа прымаць удзел не больш за 10 чалавек.

Але вынаходлівы выкладчык (з дапамогай магiстрантаў) знайшоў шлях паспяхова праводзіць лекцыі: гук перадаецца праз "Skype", а відэа — з дапамогай спецыяльнай праграмы "Team Viewer", дзякуючы якой навучэнцы бачаць усё, што адбываецца на маніторы лектара, усе яго дзеянні па працы з той альбо іншай праграмай. Па словах Паўла Паўлавіча, галоўная перадумова з’яўлення гэтай ідэі — тое, што навучэнцы ўсё часцей выходзяць у інтэрнэт усюды: і дома, і на лецішчы, і ў транспарце, а час наведаць універсітэт, каб паслухаць лекцыю, знаходзіцца не заўсёды.

— Навукоўцы свету вельмі часта маюць асабістыя стасункі ў інтэрнэце, бо адна справа проста прачытаць чыюсьці манаграфію, а зусім іншая — на ўласныя вушы пачуць меркаванне яе аўтара, на ўласныя вочы пабачыць яго твар, так бы мовіць, адчуць біяполе выкладчыка, дзякуючы чаму матэрыял засвойваецца значна лепш.

Па прызнанні аднаго з першых удзельнікаў онлайн-лекцый магістранта гістарычнага факультэта Юрыя Шаляпіна, такія заняткі яшчэ не сталі для яго паўсядзённай з’явай.

— Я раней ніколі не карыстаўся "Skype", усталяваў яго, толькі каб слухаць лекцыі па "Асновах інфармацыйных тэхналогій", і не шкадую, бо зразумеў, якія магчымасці ён дае для навучання. Але ж гэта пакуль толькі эксперымент, я мяркую, што на нас выпрабоўваюць форму заняткаў, якая будзе шырока выкарыстоўвацца ў вучобе наступнымі пакаленнямі студэнтаў.

Літаральна ў той самы дзень, калі першая лекцыя праз інтэрнэт была апрабавана на занятках па інфарматыцы, у Інстытуце журналістыкі БДУ праз "Skype" адбылася лекцыя эксперта Медыяінстытута FOJO Ганны Лаестадыюс-Ларсан "Адлюстраванне гендэрнай тэмы ў СМІ". Нягледзячы на онлайн-фармат, кожны слухач атрымаў магчымасць асабіста павітаць вопытнага скандынаўскага журналіста і атрымаць ад яе пэўныя парады. Супадзенне? Відаць, не, а проста доказ таму, што інфармацыйныя тэхналогіі імкліва ўключаюцца ў адукацыйны працэс.

На Захадзе гэтыя формы навучання вельмі папулярныя. Цяпер кожны беларус можа стаць слухачом курсаў якой-небудзь замежнай ВНУ, не перасякаючы мяжу нашай краіны. Напрыклад, Ельскі ўніверсітэт прапануе адкрытыя лекцыі праз інтэрнэт для ўсіх, хто жадае вучыцца. Ніякіх ступеняў і сертыфікатаў такім шляхам вы не атрымліваеце, але паслухаць вядучых выкладчыкаў універсітэта "Лігі плюшчу" вельмі карысна само па сабе.

Яшчэ адна знакамітая навучальная ўстанова — Оксфард — дазваляе сваім студэнтам вывучаць некаторыя прадметы онлайн: антычную міфалогію, гісторыю эканамічнай думкі, дзіцячыя інфекцыйныя захворванні і інш. Кожны тыдзень у вызначаны час брытанскі прафесар выходзіць на сувязь са сваімі студэнтамі. 
←Mozilla заналясь финансированием стартапов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика