Беларускі раздзел Вікіпедыі папоўніўся 30-тысячным артыкулам
Беларускі раздзел Вікіпедыі папоўніўся 30-тысячным артыкулам
Наогул, на працягу апошняга года колькасць артыкулаў беларускага раздзела Вікіпедыі вырасла на 50%. Цікава, што значнае павелічэнне якасці і колькасці беларускамоўнага "кантэнту" адбылося дзякуючы настойлівым і сістэматычным намаганням групы рэдактараў і аўтараў Вікіпедыі, якія пішуць на роднай мове. Усяго іх налічваецца каля 170 чалавек, і ўсе яны працуюць на добраахвотнай аснове сабе ў задавальненне. Кожны беларус, які добра валодае камп'ютарам, можа далучыцца да ліку аўтараў беларускай Вікіпедыі, бо гэта адкрыты праект. Такая дабрачынная высакародная праца, дарэчы, дапамагае развівацца і беларускай мове, і беларускамоўным. Вікіпедыя — адзін з самых папулярных, запатрабаваных некамерцыйных інтэрнэт-праектаў у свеце. Шмат карыстальнікаў з усіх кантынентаў ахвяруе грошы на падтрымку Вікіпедыі, каб яна не змяшчала рэкламы і ўвесь запас чалавечых ведаў як мага хутчэй перакладаўся на ўсе мовы свету. Ужо адно тое, што там ёсць інфармацыйныя артыкулы па-беларуску — вельмі станоўчы момант.
Яшчэ адметна, што нядаўна беларускамоўная інтэрнэт-энцыклапедыя ўзнялася на 1-е месца сярод 280 іншых Вікіпедый свету па крытэрыі звязанасці. Гэта значыць, злучанасці розных матэрыялаў энцыклапедыі паміж сабой. Напрыклад, калі вы чытаеце артыкул беларускай Вікіпедыі пра зубра, то адзін раз "клікнуўшы" па гіперспасылках у гэтым артыкуле, вы можаце прачытаць інфармацыю і пра Белавежскую пушчу, і пра "Песню пра зубра" Міколы Гусоўскага, і пра бізонаў, буйвалаў, муфлонаў і іншых звяроў.
Сёння кожны беларус можа ганарыцца тым, што беларускамоўная прастора ў звышпапулярнай Вікіпедыі вылучаецца сярод іншых сваёй добра адпрацаванай сістэмай навігацыі, размеркаванасцю артыкулаў па асобных тэмах, выдатнай структурай. У беларускамоўным раздзеле амаль не засталося ізаляваных артыкулаў, хаця год таму іх было больш за 7 тысяч!