Чаму беларускія чыноўнікі не ідуць у інтэрнэт?

Источник материала:  
11.07.2010 21:55 — Новости Hi-Tech
Чаму беларускія чыноўнікі не ідуць у інтэрнэт?
Твітар і ЖЖ Лукашэнка пакуль не завёў, Рубінаў замест блога піша песні, дэпутаты і міністры ў віртуальных дзённіках не бачаць патрэбы, а міліцыя ў Сеціве “змагаецца” з інтэрнэт-тайсанамі.

Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзяў завёў Твітар. Маюць яго і іншыя кіраўнікі дзяржаў, палітыкі ды чыноўнікі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як прадстаўлены ў Інтэрнэце беларускія ўлады.

Як паведаміў прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Павел Лёгкі, ніякага блогу ў Інтэрнэце ў кіраўніка краіны няма.

Павел Лёгкі: “Калі б ён вёў нейкую старонку, то мы б ведалі пра гэта, без сумневаў”.

Ці чытае Аляксандр Лукашэнка Твітары альбо блогі калег-прэзідэнтаў альбо каго іншага, Лёгкі не ведае. Сваіх жа старонак ён таксама не мае: кажа, што без гэтага дастаткова працы і не стае часу.

Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў прызнаўся, што кожную раніцу праглядае ўсе навіны ў Інтэрнэце, але ні Твітара, ні ўласнага блога не мае.

Анатоль Рубінаў: “Не, я сабе не заводзіў. Можа быць і трэба, але я не заводзіў. Але можа завесці і трэба, бо заўсёды ёсць некія думкі. Можа, і трэба зрэдку выказвацца з той ці іншай нагоды. Можа не па палітыцы, але і па іншых тэмах”.

Напрыклад, выкласці ў свабодны доступ свае песні. Высветлілася, што старшыня Савета Рэспублікі піша музыку. Рубінаў прызнаўся Еўрарадыё, што напісаў ужо каля 200 песень. Некалькі з іх нават выконваюць Ціхановіч і Паплаўская.

Анатоль Рубінаў: “Я пішу пра ўсё, што кранае душу. А гэта азначае – лірыка, каханне, прырода. Гэта патрыятычныя матывы, тое, што кранае нейкія лёсы. Вельмі розныя: ёсць і гумарыстычныя, і сатырычныя”.

І праспяваў адну са сваіх апошніх песень для слухачоў Еўрарадыё.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Магчыма, песні пішуць і ў Палаце прадстаўнікоў. Аднак блогамі там не карыстаюцца. Як распавёў дэпутат Уладзімір Здановіч, ніякіх дзённікаў у Інтэрнэце ў яго няма. Не чуў ён, каб нехта з яго калег меў Твітар або ЖЖ.

Уладзiмiр Здановiч: “Я неяк не задумваўся над гэтым. Я не ведаю, чаму такая цікавасць да таго, каб адкрыць свой асабісты блог. Значна лепш, і больш карысці прынясе, калі сустракаешся непасрэдна з чалавекам, а не з тым, хто знаходзіцца ў віртуальным свеце. Бо там не зразумела: хто гэта быў. Магчыма, адзін чалавек, які мог выступаць у трох, чатырох, пяці іпастасях”.

Не заводзіў сабе блог і намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. Кажа, што на гэтыя забавы ў яго проста няма часу, а таму сыходзіць у Інтэрнэт не плануе.

Як і астатнія чыноўнікі, не бачыць патрэбы ва ўласным блогу міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў, распавёў прэс-сакратар міністэрства Віталь Навіцкі.

Віталь Навіцкі: “На нашым міністэрскім сайце ёсць магчымасць задаць пытанне міністру. І тыя пытанні, якія паступаюць, чытае толькі адзін чалавек – сам міністр. І сам адказвае на пытанні. Зваротная сувязь ёсць. А ЖЖ, Твітар ды іншыя – гэта варыянты рашэння пытання наяўнасці зваротнай сувязі”.

Такая ж сітуацыя і ў Міністэрстве абароны, распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар ведамства Вячаслаў Раменчык. Там лічаць, што і міністру, і міністэрству дастаткова функцыі зваротнай сувязі на афіцыйным сайце.

А вось Дзяржаўны памежны камітэт, кажа кіраўнік прэс-службы Аляксандр Цішчанка, у Твітары прадстаўлены. Праўда, патрэбы ў тым, каб заводзіць асобную старонку для старшыні камітэта Ігара Рачкоўскага, яны не бачаць.

Аляксандр Цішчанка: “У Твітары мы зарэгістраваныя. Наш сайт карыстаецца Твітарэм, каб рассылаць навінныя блокі, ён іх аўтаматам збірае. Асобнай старонкі ў старшыні няма, ён выкарыстоўвае магчымасці афіцыйнага сайта. Звароты публікуе, віншаванні – мы асобнае нешта не заводзім”.

Дарэчы, на Твітар памежнікаў падпісаліся 39 чалавек. Але самымі “прарыўнымі” ў благасферы аказаліся мінскія міліцыянеры. Іх Твітар чытаюць 536 чалавек! Мікраблог і ЖЖ праваахоўнікаў актыўна развівае кіраўнік прэс-службы сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. Робіць ён гэта для таго, каб давесці “міліцэйскую” інфармацыю як мага большай колькасці людзей. Прычым, па ўласнай ініцыятыве. У абавязкі яго гэта не ўваходзіць і дабаўкі да заробку за гэта не атрымлівае. Вось толькі, кажа, быў не гатовы да таго, што ў Сеціве бываюць не толькі дабразычліўцы.

Аляксандр Ластоўскі: “Ёсць правакацыі, ёсць так званыя тролі, якія проста прыводзяць у шаленства. Ёсць інтэрнэт-тайсаны, якія спрабуюць выцягнуць цябе на скандал, каб потым гэта скарыстаць у сваіх мэтах. Эмацыйна я ўспрымаў усё блізка да сэрца, уступаў у пікіроўкі. Было нават жаданне сустрэць гэтых людзей у рэальнасці, паглядзець ім у твар і сказаць: “Вось, скажы мне ў твар усё, што ты думаеш”.

Але потым, кажа супакоіўся, “абцясаўся” і пачуваў сябе ў Твітары сваім. І лічыць, што гэты рэсурс вельмі карысны і ігнараваць яго ні палітыкі, ні чыноўнікі не павінны.

←Операторы связи будут учиться хорошим манерам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика