25-тысячны артыкул у Вікіпедыі класічным правапісам
Беларусы маюць дзве версіі інтэрнэт-энцыклапедыі Вікіпедыя: адну акадэмічным, а другую — класічным правапісам.
За год вікі на тарашкевіцы павялічылася роўна на 5000 новых артыкулаў. 17 чэрвеня 2009 з"явіўся 25 000-ы артыкул.
Па колькасці артыкулаў яна займае 67-е месца сярод іншых моваў (летась яна была 65-ю).
Вікіпедыя школьным правапісам 16 траўня перакрочыла 20 000-ю мяжу і на сёння мае 20 427 артыкулаў і 73-е месца. (Статыстыку энцыклапедый на розных мовах у вікі можна зірнуць тут.) І тую, і другую Вікіпедыі твораць энтузіясты.
Ад пачатку заснавання 12 жніўня 2004 артыкулы ў сусветнай энцыклапедыі пісаліся разам абодвума правапісамі. Але ад 2007 усе артыкулы класічным правапісам былі аддзеленыя ў асобны праект з ініцыятывы энтузіястаў стварэння Вікіпедыі акадэмічным правапісам.Вікіпедыя наркамаўкай вырвалася была наперад па колькасці артыкулаў, але запал яе стваральнікаў недзе праз год згас, і з восені 2008 вікіпедыя класічным правапісам перагнала яе.
Wikipedia.org — гэта вольная энцыклапедыя. Узяць удзел у яе стварэнні можна кожны ахвотны, прытрымліваючыся пэўных правілаў і аўтарскага права.
Руслан Равяка