Асаблівасці нацыянальнага «Гуглу»

Источник материала:  
30.09.2009 15:01 — Новости Hi-Tech

Асаблівасці нацыянальнага «Гуглу»

У жніўні гэтага года пачаў працаваць беларускі Картограф (Google Mapmaker), а ў шэрагу моў онлайнавага перакладчыка кампаніі (Google Translate) урэшце з’явілася і мова нашай тытульнай нацыі. Распрацоўкі атрымалі шырокае абмеркаванне ў беларускамоўнай благасферы ды інтэрнэт-выданнях на беларускай мове.

У жніўні інтэрнэт-кампанія Google двойчы парадавала беларусаў. Па-першае, пачаў працаваць беларускі Картограф (Google Mapmaker), па-другое, у шэрагу моў онлайнавага перакладчыка кампаніі (Google Translate) урэшце з’явілася і мова нашай тытульнай нацыі. Нельга назваць крокі Google у бок беларусізацыі зусім ужо нечаканымі. І раней кампанія цешыла нас магчымасцю беларускага інтэрфэйсу ў пашукавіку. Але Картограф стаўся першым прадуктам Google, цалкам і прафесійна перакладзеным на беларускую мову, і, падобна, паклаў пачатак шляху Google насустрач беларускамоўным карыстальнікам.

Распрацоўкі атрымалі шырокае абмеркаванне ў беларускамоўнай благасферы ды інтэрнэт-выданнях на беларускай мове. Першым навіну пра змены ў перакладчыку Google паведаміў інжынер-праграміст, беларус Ігар Маханёк, які цяпер працуе ў швейцарскім офісе кампаніі ў Цюрыху.

Сам Ігар не ўваходзіў у каманды распрацоўкі Картографа ці перакладчыка. Аднак ён актыўна ўдзельнічае ў іх удасканаленні і дае ў сваім — дарэчы, беларускамоўным — блогу be.mahaniok.com падрабязныя парады для карыстальнікаў.

Адмыслова для «Новай Эўропы» Ігар распавёў пра тое, хто ж з «гуглаўцаў» насамрэч спрычыніўся да новаўвядзенняў, чым адрозніваецца беларускі інтэрнэт ад швейцарскага, і што апранаюць праграмісты ў Цюрыху.

— Хто ў Google з’яўляецца ініцыятарам беларускага Картографа і ўвядзення беларускай мовы ў онлайнавы перакладчык?

— Пытаннем пашырэння на новы рынак і новых моў займаюцца каманды распрацоўшчыкаў прадуктаў. У гэтым выпадку каманда Картографа з самага стварэння прадукту планамерна ішла да адкрыцця магчымасці картаграфавання ва ўсё большай колькасці краін. І калі атрымалася, была адкрытая магчымасць працы над краінамі Еўропы, для якіх у нас не было якасных мапаў (адначасова з Беларуссю былі адкрытыя мапы Сербіі, Румыніі, Македоніі, Малдовы і іншыя). Для мяне было прыемна і чакана, што, адкрываючы прадукт спецыяльна для беларускіх карыстальнікаў, распрацоўшчыкі Картографа палічылі неабходнай наяўнасць беларускага інтэрфэйсу. Пошук Google, іншы прадукт, запушчаны для Беларусі, таксама беларускамоўны.

— Наколькі табе самому зручна карыстацца гэтымі праграмамі? Якія водгукі чуеш?

— Заўважыў, што некаторыя з маіх расейскамоўных сяброў сталі карыстацца менавіта беларускамоўным Картографам. Галоўны станоўчы момант зыходзіць са спецыфічнасці геаграфічных паняццяў па краінах. Напрыклад, малюючы карту Беларусі ў англамоўным інтэрфэйсе, можа быць не проста разабрацца, што такое «District», «Locality», «SubLocality». А калі нехта перакладзе іх паводле мясцовай асаблівасці як «Раён», «Раён гораду», «Мікрараён» — усё становіцца прасцей.

Што датычыць Google Translate, то ў першы ж дзень пачуў шмат заўваг наконт якасці працы перакладчыка, а таксама цікавых прыкладаў. Прыемна, што ўсё болей людзей разумеюць прынцыповыя абмежаванні статыстычнага падыходу (пераклад на базе статыстычных мадэляў, пабудаваных з дакументаў, перакладзеных прафесіяналамі — НЭ) і не выдумляюць «палітычных замоў» у выпадку памылак у перакладзе (у прыватнасці, у выпадках з прозвішчамі палітыкаў — НЭ). Цікавыя прыклады я разабраў і адаслаў распрацоўшчыкам для паляпшэння алгарытмаў.

Ігар, ты працаваў у сферы IT у Беларусі, а цяпер працуеш у Швейцарыі. Параўнай, калі ласка, швейцарскую і беларускую Сеткі.

— Швейцарскі сегмент інтэрнэту значна больш сталы. З аднаго боку, у ім, лічы, цалкам даступная ўся неабходная лакальная інфармацыя — ад навін да аглядаў рэстаранаў і «электроннага ўраду». З іншага боку, у ім ужо не спрабуюць скланаваць нешта ў суседзяў (бо швейцарцы, не маючы асобнай уласнай мовы, могуць карыстацца «суседскімі» сервісамі і так), а факусуюць высілкі на стварэнні нечага унікальнага. Дарэчы, цікава, што большасць сайтаў маюць англамоўную версію — бо яны могуць быць цікавыя і замежнікам. Заўважна, што як інтэрнэт-выкарыстанне больш сталае, болей разлічанае на пошук, а не сёрфінг, то вялізныя парталы не замінаюць развіццю малых спецыялізаваных сайтаў.

— Ці ёсць у вашым офісе яшчэ беларускія праграмісты? Чым адрозніваецца швейцарскі праграміст ад беларускага? Ці было нешта, што здзівіла цябе на тваёй новай працы, падалося цікавым?

— У цюрыхскім офісе Google каля дзесяці праграмістаў з Беларусі. Швейцарскіх не нашмат болей — у нас, насамрэч, вельмі інтэрнацыянальная тусоўка, і швейцарцу атрымаць тут працу не лягчэй, чым беларусу. Тут, хутчэй, адрозніваюцца праграмісты ў Google ад праграмістаў у швейцарскіх банках (усміхаецца). У нас на працу прыходзяць у цішотках і часам пасля 10-й, а ў банкі выключна ў строях і да сёмай раніцы. 

Здзівіла тут і падалося цікавым, лічы, усё. Напрыклад, абсалютна вольны графік — ніхто не лічыць гадзіны, і можна адысці па справах у сярэдзіне дня. Адзінае, што сапраўды істотна — каб пастаўленыя задачы выконваліся ў час. У пастаноўцы задач значная свабода — заўсёды можна самому выбраць нешта сапраўды цікавае. Калегі і начальнікі звышкампетэнтныя. З імі прыемна дыскутаваць, і можна шмат чаму навучыцца. Не менш цікавая магчымасць у любы час паразмаўляць з распрацоўшчыкамі такіх захапляльных праектаў, як Android, Chrome, Wave.

Нягледзячы на тое, што над паляпшэннем беларускамоўных распрацовак Google увесь час ідзе праца, заўважыць усё проста немагчыма. Таму кампаніі патрэбная дапамога валанцёраў.

Можна правіць мапу ў Картографе, дапамагаць перакладаць інтэрфэйс у http://google.com/transconsole, паляпшаць пераклад у Google Translate праз функцыю «suggest a better translation». А можна заняцца перакладам інтэрфэйсу ў Blogger (дарэчы, інтэрфэйс у пашукавіку Google таксама перакладзены валанцёрамі праз http://google.com/transconsole/).

І, урэшце, можна проста пісаць мне асабіста на ihar@mahaniok.com пра любыя заўважаныя памылкі ды звяртацца з любымі прапановамі. Часта выпраўленне ад мяне не залежыць, але я магу давесці інфармацыю да патрэбнай каманды, — звяртаецца да ўсіх неабыякавых Ігар.

Вэб-распрацоўшчык і вядомы блогер Вячаслаў Радзівонаў (Slaver) выказаў сваё меркаванне наконт мэтазгоднасці стварэння распрацовак Google на беларускай мове, а таксама паразважаў наконт праграмавання па-беларуску.

— З’яўленне магчымасці перакладаць тэксты праз Google Translate для беларускай мовы — падзея вельмі радасная і доўгачаканая. Цяпер будзе лягчэй і замежнікам улівацца ў беларускамоўную прастору, і беларусам рабіць пераклады на сваю мову — і ўсё гэта он-лайн! Вядома ж, не ўсё так проста — я не бачыў аніводнай сістэмы перакладу, якая б дасканала рабіла сваю працу. Тым не менш, першыя спробы перакладу мяне ўразілі. Адкрыўшы сайт «Нашай Нівы», я вырашыў яго перакласці на расейскую мову, і вынік быў амаль ідэальны — літаральна 4–5 сур’ёзных памылак! Апроч гэтага, сістэма дазваляе ўдакладніць пераклад самім карыстальнікам — я адразу ж усе гэтыя памылкі пазначыў і адправіў распрацоўшчыкам. І ўжо праз пару тыдняў пасля з’яўлення беларускай мовы было бачна, што пераклад палепшыўся.

Што датычыць Google Mapmaker і новых мапаў Беларусі ў Google Maps, то цяпер Беларусь выглядае не як пустая пляма пасярод Еўропы, а ўжо мае асноўныя населеныя пункты, дарогі. Штодзень інфармацыйная база папаўняецца праз працу простых валанцёраў. Кожны ахвотны можа пазначыць свой дом, вуліцу ці іншы аб’ект і пасля праверкі ён з’явіцца ў агульным доступе на «гугламапах». Такіх валанцёраў даволі шмат — некаторыя юзэры зрабілі больш за тысячу правак.

Калі гаварыць пра беларускамоўнае праграмнае забеспячэнне, дык яго дагэтуль бракуе. Але гэта датычыць хіба толькі карыстальнікаў аперацыйных сістэм Microsoft Windows, якая і сама не мае беларускага перакладу. А вось энтузіясты, якія працуюць у вольных аперацыйных сістэмах і распрацоўваюць праграмы для іх, робяць шмат для распаўсюду беларускай мовы. Амаль усе nix-сыстэмы (сістэмы, альтэрнатыўныя Windows, напрыклад, Linux — НЭ) маюць пераклад, як і большасць праграм для іх. Для праграм пад Windows, вядома, таксама з’яўляюцца пераклады: напрыклад, ёсць спецыялізаваны сайт belsoft.tut.by, дзе прадстаўлена шмат праграм, для якіх можна ўсталяваць беларускую мову. Але для мяне пераклад «софту» зусім неабавязковы — часцей за ўсё прасцей працаваць з англамоўнымі арыгінальнымі праграмамі. А вось наяўнасць, напрыклад, сістэм праверкі арфаграфіі ў браўзерах Opera і Firefox бязмежна радуе.

Новая Эўропа

←В России Microsoft начала менять Windows Vista на Windows XP

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика