Адзін дзень у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі
Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі. Ад гэтага надпісу перад уваходам у аддзяленне хочацца адыйсці далей – жыццё чалавека менавіта тут ўяўляецца асабліва кволым. А вось Таццяна Кірылаўна Сокалава (на здымку: крайняя справа) працуе медыцынскай сястрой-анестэзістам у рэанімацыйным аддзяленні нашай бальніцы ўжо 27 год,пры агульным працоўным стажы ў медыцыне амаль чатыры дзясяткі гадоў, і пры гэтым не збіраецца змяніць сваё неспакойнае працоўнае месца на больш лёгкае . Кожнае дзяжурства разам са сваімі калегамі жанчына энергічна ўваходзіць у аддзяленне і раствараецца ў прасторы паміж пацыентамі. Усю змену належыць толькі хворым.
-Вы кожнае дзяжурства знаходзіціся зусім побач з магчымай смерцю пацыента. Як спраўляецеся з эмоцыямі?-пытаюся ў самай вопытнай медсястры аддзялення.
— Нягледзячы на бяссоныя ночы і неспакойныя дні, я ўсё ж люблю сваю работу, разумеючы, наколькі яна патрэбная людзям. Хоць у рэанімацыі смерць, на жаль, і становіцца часткай нашай працы, але і жыццё чалавека таксама. Менавіта другое жыццё пацыентаў, якое часта пачынаецца тут, у нашым аддзяленні, пасля спыненага крызісу, і дае сілы працаваць далей.
У калектыве, які вы бачыце на здымку, працуе і маладая медыцынская сястра, якая такама не спалохалася надзвычай адказнай і такой значнай працы ў рэанімацыйным аддзяленні , дзе кожны дзень, як на перадавой. Анастасія Віктараўна Руткоўская належным чынам выконвае свае абавязкі і старанна вучыцца прафесійнаму майстэрству ў старэйшых і больш вопытных калег.
І хоць кажуць,што рэанімацыя не самае ўдзячнае месца для чулай жаночай натуры, жанчыны, якія працуюць у калектыве, з гэтым не згодныя. Яны практычна жывуць сваёй працай і на працы. А эмоцыі зачыняюцца на ключ, калі ў цане – канкрэтныя дзеянні, іх хуткасць і зладжанасць .
Сёння работу ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі нельга ўявіць і без работы санітарачак.Урачы, безумоўна , робяць галоўнае – выратоўваюць жыццё, але роля сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу таксама значная – строга выконваць усе медыцынскія назначэнні і даглядаць за пацыентамі, многія з якіх у беспрытомным стане. Алена Іосіфаўна Клімушка шмат гадоў працуе сястрой-гаспадыняй , Вольга Міхайлаўна Адамовіч – санітарачкай. У сваёй справе яны – людзі не новыя. А рукамі гэтых жанчын, па словах галоўнай медсястры Шаркаўшчынскай ЦРБ Валянціны Уладзіміраўны Хаданёнак, выхаджваюцца многія, нават самыя складаныя пацыенты бальніцы. За многія гады працы ў Шаркаўшчынскай ЦРБ колькі іх было, ужо і не злічыць.
Шаноўныя медработнікі! Сціплыя радкі ўдзячнасці ў ваш адрас у раёнку нашы землякі дасылаюць пастаянна. З іх можна скласці цэлую аповесць і, мяркуем, з працягам. Таму што ў наступных нумарах, як і ў гэтым таксама, абавязкова з’явяцца пад рубрыкамі “Радкі ўдзячнасці» і “Нам пішуць, тэлефануюць” сардэчныя словы: «Дзякуем медработнікам за вернутае здароўе і чулыя, уважлівыя адносіны да сваіх пацыентаў… ».
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.