Жители агрогородка Ильюшино дружно и активно занимаются скандинавской ходьбой

Источник материала:  

“Мяне сёлета ў абласную кардыялогію, дзе я кожны год падлечваюся, не паклалі, – быццам з сумам гаворыць Вольга Уладзіміраўна Логінава. – Сказалі, пагаршэння няма, нават паляпшэнне (хоць даўно маю праблемы з левым жалудачкам). Запыталіся, якія прэпараты прымала. А я проста сістэмна на працягу двух гадоў скандынаўскай хадой займаюся. Спачатку ў санаторыі да заезджых жанчын прыглядалася, потым пачытала пра карысць. А зараз на сабе пераканалася. І не я адна. У нас ужо палова Ільюшына ходзіць”.

Пераконваць у гэтым доўга не давялося. Калі наша “Ніва” адвячоркам выехала на цэнтральную вуліцу аграгарадка, у снежнай завеі паказалася жаночая постаць з палкамі. За ёй другая.

– Як правіла, такой парой і выходзім з Людмілай Міхайлаўнай Жураўлёвай, – гаворыць Таццяна Віктараўна Аўтух. – Калі два кругі вакол аграгарадка робім, якраз дзве гадзіны займае. Калі ў напрамку Старынкі, куды нашы заснавальніцы Ларыса Карпаўна Алексяёнак і Любоў Макараўна Гусева ходзяць. Толькі за імі не ўгнацца.Жители агрогородка Ильюшино дружно и активно занимаются скандинавской ходьбой

І сапраўды, сяброўкі, адной з якіх 74, а другой без трох год восемдзесят, восем кіламетраў пераадольваюць за паўтары гадзіны. “Дрэннага надвор’я не бывае, – гаворыць настаўніца, перасяленка з Чарнобыля Л.К.Алексяёнак. У любое абавязкова выбіраемся”. “Рух – жыццё. Хоць мы ходзім не дзеля таго, каб доўга пражыць, а каб якасна. Гадоў пятнаццаць ужо. Спачатку без палак, а нядаўна набылі спецыяльныя, з імі не так слізка, лягчэй пазваночніку, спіну роўна трымаеш, ды і карысней, 450 мышцаў задзейнічана”, – дадае ў мінулым жыхарка Саратава Л.Гусева, якая заахвоціла да занятку і мужа.

Дарэчы, як і маладая пенсіянерка Ірына Сяргееўна Казачонак. “Я люблю хадзіць днём, тады любуюся хараством малой радзімы: сляды звяроў разглядаю, ці ўзор ад застыўшых на марозе галін, птушыны спеў слухаю. Клуба ў нас ў аграгарадку няма, збірацца недзе, дык мы вось клуб па інтарэсах стварылі”.

Хаця аб’яднанне ўзнікла хутчэй стыхійна. Як высветлілася, да здаровага ладу жыцця жанчыны прыходзілі самастойна ці пад уплывам бліжэйшых сябровак.

– З мяне спачатку смяяліся, – кажа Галіна Мікалаеўна Віннік. – Маўляў, летам з зімовымі палкамі. Ну а зараз ужо ўсе прывыклі. У кожнай з нас свой маршрут, можам перасякацца з Валянцінай Мікалаеўнай Урбан, Галінай Міхайлаўнай Харэвіч, Ларысай Васільеўнай Пчолкай, Валянцінай Міхайлаўнай Дунік ці Алега Леанідавіча Зенюка сустрэнем, ён таксама ходзіць, толькі з сабакамі. Міліцыя неаднойчы спынялася. Глянуць, што мы ў камізэльках і з флікерамі, пахваляць.

Хаця далёка не ўсе адабраюць хобі жанчын. “Гэта каму рабіць няма чаго. А ў нас гаспадарка, за дзень находзішся”, – выказалася сямейная пара.

Кожны пераконваецца на ўласным вопыце. В.У.Логінаву, якая перастала прымаць таблеткі, нават “не пераабувала” на зіму машыну, ніхто не саб’е з “лыжні”: “І вагу скінула, і задышка знікла, а то раней аўтамабіль давёў, што любы дадатковы крок цяжка даваўся. Зараз лётаю і з любымі сумкамі з магазіна – пехатой”.

Ну а здаровы лад жыцця набірае абароты. І.С.Казачонак пачала наведваць басейн і ўжо навучылася плаваць. “Туды абавязкова першы раз з некім ехаць трэба, а то не будзеш ведаць, што куды”, – кажа Л.М.Жураўлёва. Значыць цікаўнасць да яшчэ адной карыснай працэдуры ўзнікла. Быў бы штуршок. Ці прыклад.

Вольга Караленка.

На здымку: Л.Гусева, Л.Алексяёнак, І.Казачонак, Т.Аўтух, Л.Жураўлёва.

←Доктор Зима. Какие болезни лечит холод?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика