Чакаемая працягласць жыцця жыхароў Карэліччыны па дадзеных за мінулае паўгоддзе павялічылася да 73,9 гадоў, альбо прасцей гаворачы людзі сталі жыць даўжэй. Аднак пры гэтым па-ранейшаму высокай застаецца смяротнасць у працаздольным узросце. У чым прычыны гэтых супярэчнасцей, разбіраліся на пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.
З 33 памерлых у працаздольным узросце за 6 месяцаў бягучага года —12 мужчын (гэта амаль 37% ад усіх памерлых) ва ўзросце ад 40 да 60 гадоў. Усе яны знаходзіліся на ўліку ў нарколага. І гэтым усё сказана: як чалавек, які мае шматгадовую алкагольную залежнасць, можа клапаціцца пра сваё здароўе? Урачы лічаць, бытавое п’янства можа скончыцца інфарктам, інсультам, траўмай. На фоне алкагалізму развіваюцца іншыя саматычныя хваробы, ужыванне моцных напояў у неймавернай колькасці зніжае імунітэт, а гэта ўжо пагражае развіццём ракавых хвароб.
Між іншым, менавіта хваробы сістэмы кровазвароту (42,4%) з’яўляюцца галоўнай прычынай смерці карэліччан у працаздольным узросце, на другім месцы — анкалогія (21,2%), на трэцім — знешнія прычыны (15,2%), да якіх адносяць няшчасныя выпадкі, атручванні і самазабойствы.
Дарэчы, за 6 месяцаў 2018 года ад выпадковых атручванняў алкаголем у раёне памерлі 2 чалавекі, за 2017 год — 7 (!). Яшчэ больш уражвае колькасць пацыентаў, якія стаяць на ўліку ў нарколага: 893 чалавекі, з якіх 547 мужчын і 177 жанчын. Усё гэта звенні аднаго ланцуга, які пачынаецца з бутэлькі і заканчваецца на яе дне.
Намеснік галоўнага ўрача Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксей Каўцэвіч тлумачыць, што многія з тых, хто не мае прыхільнасці да здаровага ладу жыцця, пішуць пісьмовыя адмовы ад праходжання медыцынскай камісіі.
Але калі гара не ідзе да Магамета, то Магамет сам ідзе да яе. Так і нарколагі двойчы на тыдзень накіроўваюцца ў населеныя пункты раёна, каб правесці агляд пацыентаў і назначыць лячэнне. Кожны аўторак месяца для правядзення медыцынскіх аглядаў брыгады ўрачоў накіроўваюцца ў сельскія амбулаторыі і фельчарска-акушэрскія пункты.
Добраахвотна-прымушальная сістэма, лічу, у гэтым выпадку сябе апраўдвае. Што гаварыць пра прыхільнікаў зялёнага змія, калі ў пачатку бягучага года медыкі выявілі 930 жыхароў раёна, якія не праходзілі медыцынскі агляд 2 і больш гадоў! Да сярэдзіны года колькасць такіх няўважлівых да свайго здароўя карэліччан зменшылася ўдвая. Думаецца, гэта дзякуючы таму, што ўсе арганізацыі і прадпрыемствы раёна па рашэнні мясцовай улады ўнеслі ў свае калектыўныя дагаворы пункт аб абавязковым штогадовым праходжанні медыцынскага агляду.
Яшчэ добрая практыка, якой, дарэчы, карыстаюся сама: пакуль работнік не пройдзе мінімальны медагляд, кіраўнік не падпісвае заяву на водпуск. Хочаш на адпачынак — зазірні ў паліклініку. І як раяць самі медыкі, рабіць гэта лепш у другой палове дня, калі колькасць жадаючых трапіць на прыём да ўрача зводзіцца амаль да нуля.
Іна ЛЕЙКА
*Фота мае ілюстратыўны характар