Адзіны дзень інфармавання: «Павышэнне якасці і даступнасці паслуг устаноў аховы здароўя»
19 ліпеня прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва, тэмай якога стала “Павышэнне якасці і даступнасці паслуг устаноў аховы здароўя”. Інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе старшыні раённага выканаўчага камітэта Д. М. Ламака, кіраўніка спраў райвыканкама В. А. Малюгінай і галоўнага ўрача ЦРБ С. Т. Стомы сустрэлася з працоўным калектывам будаўнічай арганізацыі ПМК-68.
Станіслаў Тадэвушавіч Стома падрабязна паведаміў пра развіццё медыцыны і стан устаноў аховы здароўя нашага раёна. Галоўны ўрач спыніўся на асноўных медыка-дэмаграфічных паказчыках. Так, па стане на 1 студзеня 2018 года колькасць насельніцтва ў раёне склала 14.781 чалавек. За мінулы год нарадзілася 146 дзяцей, памерла — 345 жыхароў. Сярэдняя працягласць жыцця склала 73,4 гады. Жанчыны ў раёне у сярэднім жывуць 78,4 года, мужчыны — 68,5 года.
У Шаркаўшчынскай ЦРБ працуюць 35 урачоў. Дзейнічаюць тры гарадскія і два сельскія тэрапеўтычныя ўчасткі, арганізаваны пастаянныя выезды ўрачоў-тэрапеўтаў і вузкіх спецыялістаў у сельскую мясцовасць з правядзеннем шматлікіх відаў абследвання насельніцтва. Меддапамогу жыхарам раёна аказваюць цэнтральная раённая бальніца на 100 ложкаў, паліклініка на 220 наведванняў у змену, Лужкаўская бальніца сястрынскага догляду на 5 ложкаў, тры амбулаторыі ўрача агульнай практыкі — Германавіцкая, Лужкаўская, Іёдская, 18 ФАПаў. У цяперашні час установы аховы здароўя раёна ў поўным аб’ёме забяспечваюць насельніцтва якаснымі і даступнымі медыцынскімі паслугамі ў адпаведнасці з Дзяржаўнымі сацыяльнымі стандартамі. На працягу апошняга дзесяцігоддзя адбылося значнае пераўзбраенне медустаноў раёна сучаснай тэхнікай і тэхналогіямі. Сталі даступнымі ўльтрагукавыя метады візуалізацыі, эндаскапічныя метады дыягностыкі і лячэння. Лабараторыя ЦРБ аснашчана біяхімічнымі аналізатарамі і аналізатарамі крыві.
Напрыканцы сустрэчы старшыня райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака пацікавіўся станам спраў будаўнічай арганізацыі, выслухаў пытанні, якія задавалі прысутныя. Кіраўнік раёна даў шэраг даручэнняў дырэктару ПМК-68 Васілію Канстанцінавічу Зубовічу па выпраўленні недахопаў і памылак, якія маюць месца ў арганізацыі.
Сяргей РАЙЧОНАК.