Вера Васільеўна Катовіч – галоўная медыцынская сястра Д-Гарадоцкага філіяла Столінскай ЦРБ

Источник материала:  

 

Вера Васільеўна Катовіч – галоўная медыцынская сястра Д-Гарадоцкага філіяла Столінскай ЦРБ
Вера Васільеўна Катовіч – галоўная медыцынская сястра Давыд-Гарадоцкага філіяла Столінскай ЦРБ заўжды выглядае шыкоўна.

Прыгожая сукенка, стыльная прычоска, цудоўны макіяж.  Але гэта не галоўнае. Жанчына прыгожая  душой, у якой хапае любові і для сваіх родных, і для сваіх сяброў, і для сваіх падначаленых. Валодаючы вялікай жыццёвай мудрасцю, жанчына ўпэўнена:  сіла чалавека ў яго дабрыні.

…Сваю родную вёску Хорск Вера пакідала ў натхнёных пачуццях. Радавала тое, што яна стала студэнткай Слуцкага медыцынскага вучылішча, аб чым марыла з дзяцінства. Радая за дачку была і маці. Паедзе ў горад, будзе дапамагаць людзям.

Вучоба, напоўненая новымі ведамі, цікавымі знаёмствамі, праляцела як адно імгненне. І маладую дзяўчыну накіравалі працаваць у Любанскі раён. Там яна пазнаёмілася са сваім мужам Мікалаем. У час аднаго з візітаў на малую радзіму сваёй жонкі той вельмі закахаўся ў беларускае Палессе. Таму і пасялілася маладая сям’я ў Хорску.

У 1981 годзе Вера Васільеўна ўладкавалася на работу ў дзіцячае аддзяленне Давыд-Гарадоцкай бальніцы медыцынскай сястрой. Усплывае ў памяці, як даводзілася ўгаворваць дзяцей перад уколамі. Чаго толькі ні рабілі: і спявалі, і танцавалі, і казкі расказвалі. Ды і матуль трэба было супакоіць: якая вытрымае, калі яе дзіця разрываецца ад плачу? Але гэты час успамінае з пяшчотай. Як і  сваіх былых пацыентаў. Тыя ўжо выраслі, свае сем’і маюць, але для Веры Васільеўны яны застаюцца Ігарком, Сярожкам, Таццянкай.

А яшчэ добрым словам успамінае сваіх калег, якія цудоўна прынялі яе ў калектыве. Гэта Вера Сямёнаўна Бакей, якая ўзначальвала дзіцячае аддзяленне і была настаўнікам, Міхаіл Міхайлавіч Падзігун, Ганна Максімаўна Бясан, Таццяна Піліпаўна Канашына, Раіса Емяльянаўна Галавач, Ганна Аляксееўна Яцко і іншыя. Гэтыя людзі былі сапраўднай камандай і маглі адзін на аднаго спадзявацца ў любую хвіліну.

Заўважыўшы, наколькі лёгка Вера Васільеўна знаходзіць агульную мову і з персаналам, і з пацыентамі, яе кандыдатуру вылучылі на пасаду галоўнай медыцынскай сястры. Прызнаецца, што доўга вагалася, ці па сілах ёй такая адказнасць? Падштурхнула Тамара Зіноўеўна Кузьміч, якая ні хвіліны не сумнявалася у яе кіраўніцкіх здольнасцях. І вось ужо на працягу 23 гадоў Вера Васільеўна з’яўляецца галоўнай над 198 медсёстрамі розных аддзяленняў і амбулаторый.

У гэтай жанчыне неверагодным чынам сумяшчаецца і жаноцкасць, і строгасць адначасова.

– Я ніколі не лічыла сябе вышэй за іншых, — дзеліцца мая субяседніца. – Усе людзі розныя. Мне важна бачыць, чым жыве чалавек, што за думкі ў яго галаве. І калі ты пачынаеш яго разумець, тады і не ўзнікае супярэчнасцяў. З усімі сваімі медсёстрамі я спачатку размаўляю і прыслухоўваюся да іх. Адна хоча працаваць у хірургічным аддзяленні, іншай больш даспадобы на прыёме каля ўрача сядзець, другой удаецца цудоўна з малымі пацыентамі ладзіць. Гэта зусім не дробязь, трэба, каб чалавек атрымліваў задавальненне ад сваёй работы. 

Упэўнена, можна з кожным чалавекам дамовіцца. Гэта мяне Вера Сямёнаўна Бакей навучыла. А вось чаго не цярплю ў  людзях, гэта абыякавасці да работы і хамства. У медыцыне гэта недапушчальна. Выпадковыя людзі  ў нашу прафесію не прыходзяць, бо яна патрабуе ўвагі, сабранасці і самае галоўнае – умець ахвяраваць сабой.

Неяк прачытала выказванне знакамітага хірурга і вучонага Мікалая Іванавіча Пірагова і цяпер гэта мой дэвіз: “Быць шчаслівым шчасцем іншых – вось сапраўднае шчасце і абсалютны ідэал таго, хто выбраў прафесію медыка”.

Усё жыццё аддаўшы медыцыне, Вера Васільеўна ні аднаго разу не пашкадавала аб выбраным шляху. Яна заўсёды на віду з прывабнай усмешкай і бляскам у вачах, які зусім не згасае з гадамі. А самае галоўнае, жанчына – цудоўная маці і бабуля. Разам з мужам яны стараліся выхаваць у сваіх дзецях чуласць, спагадлівасць, пачуццё справядлівасці і заўсёды ўмець паставіць сябе на чужое месца.

Васіль служыць камбатам па ўзбраенні 38-й асобнай  дэсантна-штурмавой брыгады ў г. Брэсце. Мікалай жыве ў Століне – працуе ў Дэпартаменце аховы, таксама мае дачку і сына.

Напярэдані прафесійнага свята Вера Васільеўна віншуе сваіх калег і зычыць ім здароўя, шчасця, радасці. Каб у іх знаходзіўся час на адпачынак і яны заўсёды адчувалі асалоду ад таго, чым займаюцца.

Анжэла Мікалаеўна Тукіна, урач-гінеколаг, намеснік загадчыка Давыд-Гарадоцкага філіяла Столінскай ЦРБ:

– Вера Васільеўна для нас не толькі калега, гэта наша медыцынская маці. Яна заўсёды ўважлівая, параду дасць слушную, падтрымае. Я ніколі не бачыла яе ў дрэнным настроі. Разам з тым, яна вельмі сціплы чалавек, і ад увагі бянтэжыцца. Пра Веру Васільеўну можна сказаць, што яна на сто працэнтаў знаходзіцца на сваім месцы. Мы вельмі ганарымся ёй і зычым доўгіх гадоў жыцця. 

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

←17 июня – День медицинского работника: Старые деревья не пересаживают…

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика