Апошні рывок
У Дзень святкавання работнікаў фізічнай культуры і спорту адбыліся фінальныя гульні і ўрачыстае закрыццё XVIII раённай спартакіяды прафсаюзных работнікаў галіны адукацыі Петрыкаўшчыны.
Адкінуць назад сшыткі, планы, канспекты… і разгарнуцца душой і целам у спартыўных спаборніцтвах, каб паказаць камандны спрыт, баявы настрой і, зразумела, фізічную падрыхтоўку.
Спартакіяда па валейболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе, настольным тэнісе і шашках праходзіла з 28 сакавіка па 19 мая. У ёй прынялі ўдзел 289 членаў галіновага прафсаюза ў складзе 29 каманд з 35 устаноў адукацыі. Але давайце доўга не размаўляць, адразу пяройдзем да вынікаў.
У выніку спаборніцтваў на вяршыні п’едэстала апынулася каманда Капаткевіцкай сярэдняй школы, другое месца заняла каманда сярэдняй школы №2, трэцяе – зборная курыціцкіх школы і садка.
Пераможцамі ў асабістым першынстве па шашках стаў Васіль Ганусевіч (Курыціцкая сярэдняя школа), 2 месца – Васіль Кліменка (сярэдняя школа № 2), 3 – Паліна Ходзька (сярэдняя школа № 1).
У спаборніцтвах па дартсе 1 месца заняў Уладзімір Вабішчэвіч з Капаткевічаў, 2 – Аляксандр Глушко з Бабунічаў, 3 – Надзея Азёмша з Кашэвіцкага дзіцячага сада – базавай школы.
У настольным тэнісе лідыравалі Аксана Кавальчук (Курыціцкі дзіцячы сад) і Уладзімір Голік (Брынёўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа). 2 месца – у Аксаны Скрабец (сярэдняя школа № 1) і Мікалая Чарнобыльца (Курыціцкая сярэдняя школа), 3 месца – у Наталлі Шарнацкай (Ляскавіцкая сярэдняя школа) і Уладзіміра Пугача (Кашэвіцкі дзіцячы сад – базавая школа).
1 месца па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі занялі Яраслава Кучарук і Аляксандр Чычыкайла з гімназіі, 2 – Ганна Фралова (сярэдняя школа № 2) і Сяргей Арыновіч (Залескі дзіцячы сад – базавая школа), 3 – Алена Стралкова (Капаткевіцкая сярэдняя школа) і Міхаіл Вострыкаў (Лучыцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа).
Пераможцы спартакіяды былі адзначаны кубкамі, дыпломамі і грашовымі заахвочваннямі на набыццё спартыўнага інвентару. Пераможцы ў асабістым заліку атрымалі дыпломы і медалі.
Асобны камплект узнагарод быў уручаны лепшым валейбольным камандам спартакіяды: Капаткевіцкай СШ (1 месца), Капцэвіцкай СШ (2 месца) і СШ № 2 (3 месца).
Спецыяльнымі заахвочваннямі са сродкаў прафсаюзнага бюджэту былі адзначаны калектывы гімназіі і Капаткевіцкай СШ, якія аказалі дапамогу ў арганізацыі правядзення занальных і фінальнага этапаў спартакіяды, а таксама ўрачыстых цырымоній яе адкрыцця і закрыцця.
Арганізатары спартакіяды – аддзел адукацыі, спорту і турызму і раённы камітэт прафсаюза – дзякуюць усім удзельнікам за далучэнне да здаровага ладу жыцця і жадаюць новых спартыўных перамог!
Н. ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.