На сваіх дваіх і з палкамі
Віцябляне пачалі асвойваць скандынаўскую хаду. Незвычайны для горада від спорту практыкуюць у абласным дыспансеры спартыўнай медыцыны.
— Пакуль у нашай групе сем чалавек ад 25 да 60 гадоў, — расказвае Іна Зыгмант, інструктар, майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы. — У час такой хады чалавек трымае мадыфікаваныя лыжныя палкі. У выніку ствараецца вялікая амплітуда рук і працуе 90 працэнтаў мышцаў.
Займаецца група па гадзіне тры разы на тыдзень. Заняткі праводзятся паблізу Віцьбы. Іне Зыгмант заўсёды цікава сачыць за людзьмі, якія назіраюць за «скандынавамі». Некаторыя нават пытаюцца, ці не забыліся, што на двары вясна. Жарты жартамі, але калі чалавек даведваецца, што так ён можа зменшыць хранічныя болі ў спіне, пахудзець, адразу ж пераходзяць да пытання, як можна да нас запісацца.