З карысцю і розумам

Источник материала:  

Дзіцячая аздараўленчая кампанія на Міншчыне сёлета праходзіць у рамках адзінай акцыі

Яна атрымала назву «Разумныя канікулы» нездарма. Як расказала прэс-сакратар упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Алёна Паплаўская, у летніх лагерах будзе шырока наладжана не толькі аздараўленчая, але і змястоўная выхаваўчая работа. Пры гэтым абраны такія формы і метады, каб праходзіла ўсё цікава, весела і карысна. Летам на Міншчыне плануецца аздаравіць больш за 61 тыс. дзяцей і падлеткаў.

У дзённых лагерах, лагерах з кругласутачным знаходжаннем будуць адпачываць дзеці ад 6 да 15 гадоў, а дзеці-інваліды і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — да 18 гадоў.

Цікава арганізавана сістэма профільных лагераў. Гэта тэхнічны, турысцка-краязнаўчы, мастацкі, абаронна-спартыўны, сацыяльна-эканамічны, грамадска-гуманітарны, эколага-біялагічны і шмат іншых накірункаў. У кожным раёне ёсць профільныя лагеры па вывучэнні замежных моў, дзе працуюць не толькі педагогі і студэнты, але і самі носьбіты моў. Да прыкладу, такім чынам на Капыльшчыне мяркуецца падрыхтаваць юных экскурсаводаў, здольных весці экскурсіі на замежнай мове.

Ужо не першы год на Міншчыне арганізуецца сумеснае аздараўленне дзяцей з Беларусі і Расіі. Так, у лагеры «Арэса» сустрэнуцца дзеці з Любаншчыны і міжнароднага лагера «Патрыёт» з Яраслаўскай вобласці. А мерапрыемствы там будуць праводзіцца на пяці мовах.

Сёлета асаблівая ўвага нададзена рабоце ваенна-патрыятычных і абаронна-спартыўных лагераў на базе воінскіх часцей і часцей унутраных войск. Як правіла, там адпачываюць уліковыя катэгорыі непаўналетніх. Цікавы ў гэтым накірунку вопыт Любанскага раёна, дзе профільны лагер працуе на базе вайсковай часці № 42715. Прыклад самага доўгатэрміновага супрацоўніцтва — лагер «Абаронца Айчыны» на базе 72-га гвардзейскага аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Барысаве. Разам з тым, каб найбольш заняць дзяцей, якія патрабуюць асаблівага кантролю, паўсюдна будуць працаваць так званыя апорныя стадыёны, аб’яднанні па інтарэсах і г.д.

Гэтым летам дзяцей прымуць 214 профільных палатачных лагераў. У Старадарожскім раёне ў такім турыстычным лагеры пад кіраўніцтвам старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алега Іова дзеці і педагогі будуць праводзіць археалагічныя раскопкі курганнага ма-гільніка Х—ХІ стагоддзяў. На Барысаўшчыне юныя даследчыкі зоймуцца праваслаўным краязнаўствам, наведаюць манастыр і паспрабуюць сябе ў ролі экскурсаводаў па святых мясцінах Беларусі. У Салігорскім раёне дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пазнаёмяцца з усходняй культурай і адзінаборствамі. Асаблівая ўвага нададзена аздараўленню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей-інвалідаў. На базе лагера «Дружба» ў Дзяржынскім раёне яны адпачнуць разам з бацькамі. Аналагічны падыход у Барысаўскім і Слуцкім раёнах, астатнія ж працуюць з такімі дзеткамі на базах цэнтраў карэкцыйнага развіцця. У Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце ў дзве змены будзе працаваць лагер сельскагаспадарчага накірунку, дзе больш за 50 дзяцей-сірот з АПФР і адпачнуць, і навучацца даглядаць свойскую жывёлу і расліны.

У кожным раёне сталічнай вобласці арганізаваны лагеры працы і адпачынку. Усяго іх 134 для 2206 дзяцей. Арганізатары паклапаціліся, каб яны былі заняты канкрэтнай справай, карыснай працай і атрымалі за яе заробак.

Яшчэ адна новая форма работы, што апрабуецца на Міншчыне, — гэта аздараўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, разам з мамамі. Такі праект, а ў ім возьмуць удзел жыхары з Клецкага, Крупскага, Капыльскага, Уздзенскага і Слуцкага раёнаў, стартуе на базе аздараўленчага цэнтра «Світанак» у Мінскім раёне.

Фото: БЕЛТА

←Инфаркт на грядке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика