Спартыўная рыфма
Маладым аматарам здаровага ладу жыцця на Брэстчыне прапануюць напісаць пра гэта вершы.
І ўзяць удзел у конкурсе юнацкай паэзіі, які ў трэці раз пройдзе 25 красавіка ў абласной бібліятэцы імя М. Горкага ў рамках Дня шведскай і беларускай літаратуры.
Верш (адзiн ці некалькі) па жаданні аўтара можа быць на рускай або беларускай мове. Акрамя гэтага, арганізатары творчага спаборніцтва прад’яўляюць да яго ўдзельнікаў яшчэ два абавязковыя патрабаванні: гэта павінны быць жыхары Брэсцкай вобласці і ўзрост іх — ад 15 да 18 гадоў.
Заяўкі на ўдзел у конкурсе паэзіі прымаюцца да 17 красавіка ва ўпраўленні адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
Пераможца вызначыцца ў час публічнага чытання ўласных вершаў. Ацэньваць талент юнакоў будзе журы, у склад якога ўвойдуць вядомыя брэсцкія літаратары, педагогі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.
Фіналісты конкурсу, якія занялі па выніках галасавання другое і трэцяе месцы, атрымаюць каштоўныя прызы.
А пераможца паедзе ў Львоў для ўдзелу ў Днях шведскай і беларускай літаратуры.